Свята культур "Сонечны птах" дванаццаты раз аб'яднала мастакоў і рамеснікаў

2 ноября 2015

Традыцыі розных краін свету, увасобленыя ў тканіне. Свята культур "Сонечны птах" дванаццаты раз аб'яднала мастакоў і рамеснікаў. 14 каманд стваралі вобраз сонца з дапамогай воўны, стракатых стужак і паетак. Тут жа праходзілі майстар-класы па роспісе дываноў, трафарэтным жывапісе і нанясенні ўзораў. Як рыхтавалі сонечныя арт-аб’екты, даведалася Юлія Токар.

Карункі, атлас, аплікацыі… Азербайджанскае сонца гэтай каманды патрабавала скрупулёзнай працы. Сімвалічна стварылі гранат як сімвал багацця, а традыцыйная бута ўвасабляла прамяні. Упрыгожылі сонечны арт-аб’ект бліскучымі паеткамі. Дарэчы, для кіраўніка аб’яднання Вадзіма Новікава вельмі важна сваіх навучэнцаў знаёміць з культурай краін Паўднёвага Каўказа.

Дванаццаты раз гарадское свята нацыянальных культур “Сонечны птах” аб’ядноўвае школьнікаў сталіцы. 14 каманд юных майстроў адлюстроўвалі вобраз сонейка ў тэкстылі, а пасля на сцэне прэзентавалі свае арт-аб’екты.

12-гадовая Насця захапляецца валеннем воўны. Валодае мокрай і сухой тэхнікай - праца вельмі карпатлівая, таму што патрабуе ўвагі за кожнай дэталлю.

Зараз чатырнаццаць стракатых сонейкаў упрыгожваюць вось гэтую арку. Ромб, які з іх атрымаўся, таксама сімвалізуе жыццё. Цікава, што на гэты раз упершыню вырашылі прадэманстраваць усходнія традыцыі – сімвалы Турцыі і Індыі, якія патрабуюць больш колераў і разнастайнасці матэрыялаў.

На свяце таксама ладзіліся майстар-класы па роспісе дываноў, трафарэтным жывапісе і нанясенні ўзораў. Святлана Скавырка, майстар Глыбоцкага дома рамёстваў, дала ўрок старажытнай маляванкі: як правільна наносіць на льняную тканіну рознакаляровыя акрылавыя фарбы.

Старажытныя тэхнікі ўпрыгожвання тэкстылю, ткацтва паясоў – падчас майстар-класаў вяртаюць традыцыі народных рамёстваў. А вырабы майстроў прапаноўвалі на выставе-кірмашы.