Праваслаўныя вернікі рыхтуюцца сустрэць Праабражэнне Гасподняе

18 августа 2023

19 жніўня праваслаўныя вернікі рыхтуюцца сустрэць Праабражэнне Гасподняе - адно з галоўных летніх рэлігійных свят. Яно мае і яшчэ адну назву - Яблычны Спас. Надыходзіць час збіраць ўраджай, асвячаць спелыя плады і рабіць нарыхтоўкі на зіму. Пра карысныя якасці вітамінных дароў прыроды рэпартаж Ларысы Гулякевіч.

У жніўні адзначаюць тры Спасы: Мядовы, Яблычны, Арэхавы. Гэтыя праваслаўныя святы, безумоўна, звязаны з народным календаром, калі паспявалі садавіна і агародніна. Спелыя плады і новы мёд можна ўжываць у ежу толькі пасля асвячэння ў царкве.

Да таго ж у праваслаўных хрысціян зараз ідзе Успенскі пост, які па сваёй строгасці набліжаецца да Вялікага. А свежыя дары прыроды, якія паспелі ў садах і агародах, на палях і ў лесе, - карысны дадатак у харчовы рацыён.

Згодна з народнымі прыкметамі, менавіта з Яблычнага Спасу пачынаўся надыход восені і звязанае з ёй пераўтварэнне прыроды. Амаль ва ўсім свеце яблык лічаць цудадзейным. За год кожны дарослы павінен з’есці іх амаль 50 кг. Яблыкі ўтрымліваюць каля 80 % вады, а ў астатніх 20 % вялікая колькасць карысных рэчываў - цэлы вітамінны комплекс з прыроднай скарбонкі. Многія вітаміны застаюцца ў мочаных і сушаных пладах.

У славянскай міфалогіі яблык - сімвал урадлівасці, здароўя, кахання і прыгажосці. Гэта эмблема шлюбнага саюза, здаровага патомства. Плады яблыкаў, парасткі і колер адыгрывалі важную ролю ў вясельных абрадах. Нездарма сюжэты на гэтую тэму стагоддзямі выкарыстоўваць у сваіх творах жывапісцы і скульптары, а таксама літаратары і музыканты. Так, у Заслаўі штогод ладзіцца свята "Заслаўскі Спас", падчас якога прафесійныя мастакі і аматары выстаўляюць свае работы.

Што да ўраджайнасці яблыкаў, то год на год не прыходзіцца. Гэта звязана як з умовамі надвор’я, сортам дрэў, так і з перыядычнасцю плоданашэння. Увогуле ў свеце налічваецца больш за 10 тыс. сартоў яблынь.

Абмен пазітыўнымі пачуццямі, асабістай радасцю і дарамі прыроды - аснова народна-царкоўнага свята. Наперадзе трэці Спас - Хлебны ці Арэхавы, які адзначаюць 29 жніўня.