Праваслаўныя хрысціяне заўтра адзначаюць Дзень Пятра і Паўла. У вёсцы Валеўка адзначаць 335-годдзе храма

11 июля 2020
Праваслаўныя хрысціяне заўтра адзначаюць адно з 12 асноўных святаў царкоўнага календара - Дзень Пятра і Паўла. Да Пятрова дня (як яго завуць у народзе) людзі наводзілі парадак дома, упрыгожвалі яго зелянінай і кветкамі. У Беларусі вялікая колькасць цэркваў, асвячоных у гонар гэтых апосталаў. Іх завуць Петрапаўлаўскімі.




І ў гэты дзень там служаць асаблівую службу. А ў вёсцы Валеўка Навагрудскага раёна адзначаць яшчэ і юбілей свайго храма. Яму 335 гадоў. Алена Борматава аб святыні і святынях старажытнага прыхода. 

Храм Пятра і Паўла - адзін з самых старажытных драўляных храмаў Беларусі 


Нацыянальны здабытак духоўнасці. Храм, узведзены звыш трох стагоддзяў таму за сродкі брэсцкага ваяводы ці, як сказалі б сёння, дзяржаўнага дзеяча Стэфана Курчы - уладара Чамброва, - месца, дзе нарадзілася маці Адама Міцкевіча. Будынак быў адным з манастырскіх аб'ектаў. Як часта адбывалася на нашых землях, святыня пераходзіла ад адной рэлігіі да другой. Аднак, нягледзячы на розную рэлігійную прыналежнасць, храм ні разу не пераасвячалі. Ен заўсёды заставаўся Петрапаўлаўскім. Дзень святых апосталаў лічыцца днём нараджэння культавага помніка. 

Драўлянае дойлідства - наша нацыянальная спадчына


Здавалася б, дрэва не вельмі трывалы матэрыял. Яно баіцца вільгаці, на ім можа з'явіцца грыбок, што нярэдка прыводзіць да страты будынка. Але старажытныя дойліды і майстры-цесляры валодалі рознымі канструктыўнымі прыёмамі. Лес на храмы рыхтавалі ў вызначаны час, калі дрэва звыштрывалае - як правіла, у лютым. 

Драўляны храм Пятра і Паўла ўзводзілі згодна з царкоўнымі канонамі на самым высокім месцы населенага пункта роўна 335 гадоў таму. Будавалі мясцовыя майстры па старажытных тэхналогіях - без адзінага цвіка. Сёння гэта помнік архітэктуры беларускай нацыянальнай сакральнай школы дойлідства, унесены ў рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

З верай у сэрцы на працягу стагоддзяў


За 335 гадоў існавання царква перажыла некалькі рэстаўрацый. Тут і сёння можна заўважыць элементы ўніяцкага і каталіцкага перыядаў. Такое перакрыжаванне традыцый драўлянага дойлідства некалькіх стагоддзяў. Духоўны цэнтр ніколі не закрываўся. Нават у савецкі час тут гучала малітва. 


Тамара Сурага, настаўніца гісторыі Валеўскай сярэдняй школы: "Сюды любілі  прыязджаць шматлікія вядомыя людзі. У прыватнасці, вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч прыязджаў сюды. Гэта ж быў атэістычны час. Ён браў ключы ад храма і падоўгу тут знаходзіўся. Абраз з іканастаса, дзе намаляваная Багародзіца, пісьменнік гаварыў, што яна яго натхняла на шматлікія творы. Аб гэтым ён піша ў сваёй кнізе "Зямля пад белымі крыламі".

Абразы - жамчужына сакральнага мастацтва


У храме - вельмі рэдкі для Беларусі каштоўны іканастас. Усе абразы - работа знакамітага Віктара Васняцова - майстра гістарычнага жывапісу, аўтара хрэстаматыйных "Алёнушкі", "Багатыроў", "Івана-царэвіча на Шэрым воўку". Іканастас стваралі для сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве, а пасля яго знішчэння твор сакральнага мастацтва прывезлі ў Валеўку.