Пабудуем новы дзіцячы хоспіс разам!

2 июня 2014

Эфір панядзелка на ўсіх каналах Белтэлерадыёкампаніі, у тым ліку і радыё, праходзіць пад знакам дабрачыннага марафона Пабудуем новы дзіцячы хоспіс разам!. На працягу дня журналісты распавядуць, як можна дапамагчы дзецям з невылечнымі хваробамі. Зрабіць ахвяраванне вельмі проста: трэба патэлефанаваць на нумар 8-902-101-0000. Дабрачынны ўзнос пры званку - 11 400 беларускіх рублёў.


Акцыя праходзіць у рамках дабрачыннага марафона Беларускага дзіцячага хоспіса. На працягу 9 дзён у сталіцы запланаваныя мерапрыемствы па зборы сродкаў на будаўніцтва новага будынка, які набудзе статус Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай паліятыўнай дапамогі. Збор сродкаў вядзецца ўжо год. Аднак пакуль сабралі толькі частку неабходных грошай.


Якім жа будзе новы цэнтр - у сюжэце Марыны Мураўёвай. Безнадзейны дыягназ ДЦП у Вовы з нараджэння. Кожны тыдзень да шасцігадовага хлопчыка і яго сям'і прыходзіць медсястра хоспіса.


Новы будынак дазволіць пашырыць штат медперсанала. Тут будуць гульнявыя і рэабілітацыйныя зоны для дзяцей, а таксама вучэбны цэнтр для медыкаў. Але самае галоўнае - падапечныя змогуць размясціцца ў прасторным стацыянары.


У гэтым пакоі і астатніх двух - усяго іх тры - можа знаходзіцца па адным дзіцяці. У новым жа будынку такіх пакояў будзе 10. Магло б быць і больш. Але асноўная філасофія хоспіса - не ператварацца ў бальніцу, а стварыць умовы, максімальна набліжаныя да хатніх.


Такі праект каштуе каля чатырох мільёнаў долараў. Сабраць гэтыя грошы рэальна! Тым больш што дабрачынцы абяцаюць закупіць мэблю, камп'ютары, бясплатна правесці каналізацыю. Але атрымаць такую дапамогу можна толькі ў пабудаваным будынку.


Алена Анісімава, памочнік дырэктара па пытаннях стратэгіі і развіцця Беларускага дзіцячага хоспіса: Мы падлічылі, што калі кожны 10-ы працаздольны беларус унясе ахвяраванне памерам 100.000 беларускіх рублёў на будаўніцтва новага хоспіса, мы зможам у адно імгненне сабраць неабходную нам суму.


Патэлефанаваўшы на дабрачынную лінію або пералічыўшы ахвяраванне на рахунак хоспіса ў любым аддзяленні банка або пошты, Вы зможаце зрабіць свой уклад. Хай нават зусім малы. Таксама дапамагчы можна і пасродкам СМС альбо электроннага пераліку з банкаўскай карты на сайты Беларускага дзіцячага хоспіса.