Наступствы непагадзі ліквідуюць энергетыкі - у Віцебскай вобласці больш чым 400 населеных пунктаў дагэтуль без святла

8 августа 2023

У Беларусі працягваецца ліквідацыя наступстваў стыхіі. Як заявілі ў Белэнерга, да канца дня электразабеспячэнне будзе цалкам адноўлена. Надвор'е сёння спрыяе працы. Найбольш напружаная сітуацыя зараз у Віцебскай вобласці, дзе напярэдадні з-за навальніцы пацярпелі 3 чалавекі: мужчына, жанчына і 9-гадовая дзяўчынка, у якой сур'ёзны пералом нагі. У рэгіёне дагэтуль без электраэнергіі больш чым 400 населеных пунктаў. Сюды на дапамогу адпраўлены працаўнікі энергасетак з іншых абласцей, а таксама супрацоўнікі МНС. Энергетыкі Віцебскай вобласці працавалі ва ўзмоцненым рэжыме ўвесь учарашні вечар і ўсю ноч: былі задзейнічаны звыш 200 брыгад і 300 адзінак спецтэхнікі. Большасць тэхналагічных парушэнняў ліквідавалася ў аператыўным рэжыме: працавала аўтаматыка, спажыўцы пераводзіліся на рэзервовыя схемы, выкарыстоўваліся дызельгенератары.

Дарогі на вуліцах Лепеля літаральна заваленыя дрэвамі, разбураны дахі будынкаў. Але мясцовыя службы актыўна працуюць над ухіленнем наступстваў стыхіі.