Партал "Мой горад" (115.бел) пашырае фармат

7 июня 2017

Так, у перспектыве сайт зможа абслугоўваць не толькі сталіцу, але і іншыя буйныя гарады Беларусі. Першы на чарзе Віцебск. Нагадаем, у Мінску сайт працуе амаль два гады. За гэты час паступіла прыкладна семдзясят дзве тысячы заявак. І большасць праблем вырашана. Мой калега Аляксандр Харавец раскажа падрабязней.

Чарговы праменад па любімым раёне і чарговая праблема, да якой Дзяніс Відзевіч не можа ставіцца абыякава. Паводле слоў актыўнага карыстальніка партала 115.бел, аўтахлам не толькі псуе знешні выгляд вуліцы, але і займае парковачнае месца. Таму адразу фота кінутай машыны адпраўляецца на сайт. Дарэчы, Дзяніс - адзін з самых актыўных карыстальнікаў камунальнай анлайн-старонкі горада. Малады чалавек адправіў амаль паўтысячы заўваг.

Хаця першапачаткова неабыякавы мінчанін з-за вялікай колькасці заўваг нават трапіў у чорны спіс на партале. Мадэратары кажуць, за дзень можна адправіць не больш за 20 запытаў. Сёння гэтую лічбу плануюць павялічыць.

Сузана Лісоўска, спецыяліст кантакт-цэнтра ЖКГ г. Мінска: "Выбоіны на дарозе, адсутнасць вулічнага асвятлення або дрэнна прыбраны двор. Як правіла, на вырашэнне праблемы адводзяць 8 працоўных дзён. І ўсё ж сярэдні тэрмін у навядзенні парадку камунальныя службы скарацілі да пяці дзён. Спрыяе гэтаму своеасаблівае спаборніцтва паміж раёнамі сталіцы ў хуткасці і якасці выкананых работ. Дарэчы, ацэнку за работу над памылкамі ставяць самі карыстальнікі партала".

За час існавання сайта 115.бел сваю камунальную праблему выказаў кожны 20-ы мінчанін. А спецыялісты кантакт-цэнтра толькі летась прынялі больш як паўтара мільёна званкоў. І за гэты час нагаварылі амаль на сем гадоў.

Спецыяліст адпраўляе заяўку адказным службам. Мы таксама накіраваліся па названым адрасе. Літаральна праз гадзіну зялёнае святло зноў дае дарогу аўтамабілям.

Сталічны вопыт па навядзенні парадку на гарадскіх вуліцах дзякуючы камунальнаму парталу зацікавіў і віцебскіх функцыянераў. І ў найбліжэйшыя дні сайт 115.бел запрацуе ў горадзе на Дзвіне, пакуль у тэставым рэжыме.

Зацікаўленасць у такім жа партале выказваюць гарады Пінск і Бабруйск. Паступова сэрвіс павінен з'явіцца ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.