Дапамога, якая ідзе ад сэрца. Беларусь з усім светам адзначае Дзень донара

14 июня 2020
Беларусь з усім светам сёння адзначае Дзень донара. Тых, хто гатовы падзяліцца сваёй крывёй дзеля выратавання жыццяў у нашай краіне, каля ста тысяч. І дарэчы, колькасць бязвыплатных данацый павялічваецца з кожным годам. Сёння ў асаблівай пашане і донары плазмы, якія перахварэлі на каранавірус.  Дзякуючы ім, імунную плазму атрымалі ў краіне больш за 200 пацыентаў з COVID-19.

Аб дапамозе, якая ідзе ад сэрца,  Святлана Чарнова.

У Беларусі каля 100 тысяч донараў 

Павышаная тэмпература, парушэнне нюху і слабасць - па сімптомах урач-інтэрн Наталля Рудэнка вызначыла ў сябе COVID-19. Тэст захворванне пацвердзіў. Амбулаторнае лячэнне, аднаўленчы перыяд,  і вось дзяўчына ў цэнтры трансфузіялогіі 6-й клінічнай бальніцы рыхтуецца да здачы імуннай плазмы і заадно адказвае на папулярнае пытанне, як працякала захворванне. 
Для сябе Наталля вырашыла, што пасля выздараўлення яна стане карыснай для іншых хворых. І вось дзяўчына ўжо двойчы донар імуннай плазмы. 

Патэнцыяльныя донары імуннай плазмы COVID-інфекцыі праходзяць поўнае абследаванне

Агульны і біяхімічны аналіз крыві, тэст на згусальнасць, ПЛР-дыягностыка, вызначэнне антыцелаў, электракардыяграма. Акрамя таго, пасля адмоўнага тэсту на COVID-19 павінна прайсці не менш за месяц.

Стандартныя працэдуры абследавання не палохаюць тых, хто гатовы ахвяраваць сваю крывёй дзеля выратавання нечага жыцця. Больш за тое, усё часцей беларусы становяцца донарамі на бязвыплатнай аснове. Толькі за апошнія 6 гадоў колькасць дабрачынных данацый павялічылася прыкладна ў 19 разоў. Узрасла і агульная колькасць ахвотнікаў здаць кроў. 

У Беларусі каля 65 тысяч ганаровых донараў

Званнем "Ганаровы донар" узнагароджваюць беларусаў, якія бязвыплатна здалі кроў не менш за 20 разоў і не менш як  40 разоў яе кампаненты. І шануецца тут у першую чаргу  шчырае імкненне дапамагаць.