Пакос водарасцей на вадаёмах - падводны ўраджай збіраюць аквакамбайны ў Мінску

14 июля 2021

Ураджай, толькі падводны, збіраюць аквакамбайны. Тэхніка дапамагае спецыялістам сталічнага водаканала праводзіць ачыстку рэк і вадасховішчаў Мінска і вобласці ад водарасцей. У перыяд актыўнага цвіцення  некаторыя расліны могуць быць небяспечнымі для аматараў купання - пры дакрананні да іх можна атрымаць апёкі. 

Акрамя таго, за падводнае пустазелле  чапляецца бытавое смецце, якое потым складана прыбіраць. 


Ілья Цвяткоў  пагрузіўся ў працэс пакосу.

Вось такі аквакамбайн курсіруе гэтымі днямі па водных артэрыях Мінска. Яго задача чысціць рэкі і вадасховішчы ад водарасцей. Сістэма праверана на працаздольнасць, усе механізмы ў парадку, нажы навостраныя - можна распачынаць працэс.

Да незвычайных перамяшчэнняў плывучай тэхнікі па акваторыі Свіслачы мінчане яшчэ не прывыклі – водныя камбайны адразу трапляюць у стужкі сацсетак. А вось спецыялісты, якія кожную раніцу выязджаюць на аквапакос, да такой працы прызвычаіліся. Аднак кіраваць апаратам – справа не самая лёгкая. 

Усяго Мінск абслугоўваюць тры буйныя камбайны вагой да 6 тон. А для працы на больш вузкіх і складаных участках выкарыстоўваюць дзве міні-копіі гэтых машын – камбайны-амфібіі, якія могуць перамяшчацца па дне. 

Зоны апрацоўкі - акваторыі Камсамольскага возера, Мінскага мора і Цнянскага вадасховішча. За лета ачыстку прыходзіцца рабіць да трох разоў - багавінне расце вельмі хутка і можа стаць небяспечным для аматараў воднага адпачынку, яно выклікае раздражненне на скуры.

Водны ўраджай збіраюць у спецыяльны бокс, а потым выгружаюць на бераг. Пасля водарасці адпраўляюць на перапрацоўку. Атрыманы прадукт ідзе на корм буйной рагатай жывёле, а таксама ўносяць у глебу ў якасці арганікі.