Паэтычны флэшмоб і вялікая беларуская дыктоўка ў Дзень роднай мовы

21 февраля 2019

Сёння ў сталіцы з самай раніцы можна было ўспомніць ці вывучыць дагэтуль невядомыя, самабытныя беларускія словы. Адмысловы тэст на іх веданне сёння падрыхтавала Нацыянальная бібліятэка. На фасадзе можна было прачытаць цытаты класікаў. Дзе яшчэ арыгінальным чынам адзначаюць Дзень роднай мовы, даведалася Наталля Кузьміцкая.


"Крочыць", "куфэрак","фатэль", "цікавец" - толькі беларусы мелі ў сваёй лексіцы гэтыя словы. Сёння раніцай узгадаць або папоўніць свой слоўнік новымі выразамі можна было літаральна праз адзін позірк - на фасад Нацыянальнай бібліятэкі.
Падказкі і тлумачэнні можна знайсці ў сацыяльных сетках галоўнага кнігасховішча краіны, але мы, карыстаючыся службовым становішчам, звярнуліся да прафесійнага знаўцы.

На мілагучнай і сакавітай мове Уладзімір Іванавіч Куліковіч размаўляе з дзяцінства. Сёння сваім філалагічным здабыткам дзеліцца не толькі са студэнтамі, а і з чытачамі газет - у артыкулах "Роднае слоўка".
Сёння, каб раптам не трапіць у моўны канфуз, трэба як мага больш чытаць па-беларуску і, зразумела, размаўляць.

У гэтыя выхадныя ў кінатэатры "Масква" жыхары сталіцы змогуць убачыць і пачуць у беларускім варыянце такія сапраўды легендарныя кінагісторыі, як "Таемнае жыццё" Уолтэра Міці, "Хронікі Нарніі" і "Форэст Гамп". Андрэй Мілюхін на беларускую мову агучыў ужо дзясяткі роляў, чарговая чорная-белая стужка -  да Дня роднага слова.

Рэгулярныя паказы фільмаў па-беларуску ладзяцца ў сталічных кінатэатрах ужо два гады, і сусветнае кіно зайграла новымі колерамі для беларускай публікі. Праект шукае і новыя галасы, таму, калі вы добра валодаеце роднай мовай, ёсць шанс стаць акцёрам агучвання, магчыма, свайго любімага фільма або серыяла.