Падрыхтоўка да вучэння "Захад-2017" завершаная

8 сентября 2017

Аб гэтым напярэдадні заявіў Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, наведваючы палігон Ашулук. Манеўры пройдуць з 14 па 20 верасня на тэрыторыі Расіі і Беларусі. У нашай краіне гэта 6 палігонаў і два ўчасткі мясцовасці. У Мінабароны падкрэслілі, што свядома выбіралі месцы для манеўраў далёка ад мяжы. У вучэнні задзейнічаюць 12 тысяч 700 вайскоўцаў - з іх каля 10 тысяч 200 - на тэрыторыі Беларусі. Апроч антытэрарыстычнай скіраванасці, вучэнне носіць абарончы характар.

Андрэй Раўкоў, Міністр абароны Беларусі: "Падрыхтоўка "Захад-2017" завяршылася. Усё ўжо выведзена ў раён выканання навучальна-баявых задач. Чакаем пачатку вучэння. 13 верасня завершым разгортванне сістэмы кіравання аб'яднанага камандавання рэгіянальнай групоўкі войскаў і сістэмы кіравання штаба кіраўніцтва, правядзём трэніроўку. І 14-га прыступім да выканання задач сумеснага стратэгічнага вучэння".

На вучэнні Дзяржкамваенпрам прадставіць больш за 20 новых узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Гэта браніраваная разведвальна-дазорная машына "Кайман", абноўлены бронетранспарцёр 70МБ, беспілотнік "Беркут-2", лёгкабраніраваны аўтамабіль МЗКЦ, сродкі барацьбы з беспілотнікамі і шматлікае іншае. Пра звышздольнасці гэтых распрацовак глядзіце ў нядзелю ў "Галоўным эфіры".