Пад Мінскам ідзе рэканструкцыя Кургана Славы

28 апреля 2015

Напярэдадні 9 Мая адзін з сімвалаў Перамогі адновяць. Пад Мінскам ідзе рэканструкцыя Кургана Славы. 35-метровы насып пераапрануць у новы газон. Новы выгляд атрымаюць мазаіка ордэнаў на барэльефах, а таксама аглядная пляцоўка. Акрамя гэтага, мемарыяльны комплекс падсвецяць і сотнямі рознакаляровых святлодыёдаў.

Як будзе выглядаць курган праз два тыдні, даведаўся Аляксандр Харавец. 35-метровы Курган Славы ў гэтыя дні нагадвае мурашнік. На насыпу мяняюць газон. Пры гэтым выкарыстоўваюць спецыяльную сетку, якая засцерагае дзірван ад земляных шкоднікаў - кратоў. Усе работы выконваюцца ўручную. Аднаўляюць і ўсе 482 прыступкі.

Рэстаўрацыя закране і барэльефы, найперш адновяць мазаіку. Па-новаму заблішчыць і бляха на штыках мемарыяла. А вось падсветка кургана ўвогуле будзе незвычайнай. Толькі падножжа насыпу асвецяць каля паўсотні каляровых пражэктараў.

Асаблівым чынам падсвецяць тэрыторыю вакол мемарыяла і саму кампазіцыю.

Найбольш эфектнай падсветка будзе на вяршыні кургана. Дзякуючы спецыяльным святлодыёдам аглядная пляцоўка зайграе ўсімі адценнямі жоўтага і чырвонага колераў. І тым самым будзе сімвалізаваць вечны агонь.

Штодзень на мемарыяльным комплексе працуюць больш за семдзесят спецыялістаў. Для азеляніцеляў аб’ект не зусім звычайны. Таму з падвоенай адказнасцю ставяцца да даручанай справы.

Адкрыты ў 1969 годзе, курган перажывае другі рамонт. Упершыню сімвал Перамогі рэканструявалі ў 2003. Убачыць адноўлены да 70-годдзя Перамогі комплекс можна будзе ўжо 8 мая.