Амаль што трапічная спёка прыйшла ў сталіцу мінімум да канца тыдня

11 июня 2019

У прагнозах да плюс 32. А разам з павышэннем тэмпературы расце і рызыка атрымаць сонечны або цеплавы ўдар. Тым больш што на сталічных пляжах шмат наведвальнікаў нават у будныя дні. Сваімі парадамі, як адчуваць сябе камфортна пад яркім сонцам, мінчане падзяліліся і з нашай здымачнай групай.

Расказвае Аляксандра Кавеліч. На слупку тэрмометра да плюс 30. Падчас такога надвор'я сталічныя пляжы хутка ператвараюцца ў ажыўленыя курорты. І сёння ля Цнянскага вадасховішча сапраўдны ажыятаж. Мінчане тэсціруюць новыя тапчаны – сёлета яны з'явіліся на ўсіх набярэжных, а заадно дзеляцца сваімі варыянтамі, як ратавацца ад спякоты.   Асвяжальныя рэцэпты прапануюць і сталічныя кафэ: ананасавы сарбет ці кававае марожанае. Летняе меню пастаянна пашыраюць.

Між тым, як знайсці сваё месца пад сонцам і пры гэтым не атрымаць апёкаў, нагадваюць медыкі. Бо ў сталіцы ўжо зафіксаваны першыя выпадкі цеплавых удараў. Спецыялісты раяць не знаходзіцца на вуліцы ў самыя гарачыя гадзіны – з апоўдня да шаснаццаці, а таксама абмежаваць фізічную нагрузку.

Адчуваць сябе камфортна пад яркім сонцам дапамагаюць простыя правілы. Варта заўсёды браць з сабой пітную ваду – у спякоту арганізму трэба больш вадкасці, а таксама выбіраць адзенне з натуральных тканін, лепш светлага адцення. Воднага рэжыму зараз строга прытрымліваюцца і насельнікі мінскага заапарка. У рацыёне жывёл больш свежай агародніны і нават марожанае. А ў раскладзе дня мядзведзіцы Нюры асвяжальныя ванны. Дарэчы, спёка захаваецца ў сталіцы мінімум да канца тыдня. Заўтра ў прагнозах сіноптыкаў да 32 цяпла.