Чаму зараз Зыбіцкую патрулюе міліцыя?

20 мая 2018

"Галоўны эфір" мы працягваем у самым тусовачным месцы сталіцы. З наступленнем цёплага надвор'я свой сезон адкрыла вуліца Зыбіцкая. З-за асаблівай атмасферы і багацця гасцей яе яшчэ завуць "мінскім брадвеем". На папулярных сайтах турысты захоплена пішуць аб нашай bar street. Ужо сапраўдным брэндам Зыбіцкай сталі напоі з нацыянальным каларытам. Да прыкладу, шчаўевыя шоты і ліманады. Таксама адчуванне свята тут ствараюць музыканты. Праўда, на тыдні грамадскасць узрушыла навіна - пасля 23 гадзін на Зыбіцкай больш не будзе гучнай музыкі. Ці не страціць ад гэтага сталіца сваю турыстычную прывабнасць - пытанне, у якім мы даручылі разабрацца Іне Пілевіч.

Дзеля гэтага рэпартажу мы пагутарылі з усімі, хто "прапісаны" на Зыбіцкай - уладальнікамі бараў, гасцініцы, артыстамі, гасцямі і прадстаўнікамі духоўнай акадэміі, жылыя пакоі якіх выходзяць на барную вуліцу. Каму перашкаджаюць вулічныя музыканты, і чаму зараз Зыбіцкую патрулюе міліцыя? Як захаваць адчуванне тусоўкі і пры гэтым павысіць узровень культуры піцця адпачывальнікаў? Для пошуку адказаў на гэтыя пытанні "Галоўны эфір" сыходзіць у ноч.

Апоўдні яна ціхая і бязлюдная, як сіеста ў іспанскай сталіцы. Але з наступленнем цемры больш нагадвае пешаходныя кварталы Лондана, Амстэрдама і Прагі.

Што ні метр, то новы бар і музычны стыль. За гэтую атмасферу Зыбіцкай далі мянушку "востраў свабоды" беларускай сталіцы. Месца прыцягнення не толькі мінчан, але і тусоўшчыкаў з рэгіёнаў і замежжа. Дарэчы, паводле звестак вядомага сэрвісу бранірвання жылля, Мінск - самы папулярны ў расіянаў горад для падарожжаў на майскія святы. Прытоку турыстаў спрыяе і бязвізавы рэжым.

Адпачынак адных перашкаджае адпачынку другіх. З наступленнем тусовачнага сезона не да сну семінарыстам Мінскай духоўнай акадэміі.

Часта пакутуюць ад бяссонніцы і пастаяльцы гатэля, размешчанага ў Верхнім горадзе. Але, нягледзячы на хай і рэдкія скаргі пастаяльцаў на шум, кіраўніцтва гасцініцы зусім не імкнецца парваць струны вулічным гітарыстам. Бо чым ярчэйшыя ночы на Зыбіцкай, тым вышэйшая запаўняльнасць гатэля. Аддаюць перавагу дамаўляцца з тымі, у каго дэцыбелы зашкальваюць.

Тым не менш, з гэтага тыдня на Зыбіцкай стала цішэй. Новаўвядзенне ў Верхнім горадзе: пасля 23 гадзін - ніякай гучнай музыкі на летніх тэрасах кафэ. Дарэчы, наступіць на горла сваёй песні калегіяльна вырашылі самі арандатары памяшканняў на "мінскім рэстаранным брадвеі". Да такога кансенсусу прыйшлі на сустрэчы ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы. Прычына таму - рост правапарушэнняў у Верхнім горадзе.

Крыніцай музыкі на Зыбіцкай з'яўляюцца і вулічныя артысты. Яны прыходзяць са сваімі калонкамі, мікрафонамі і з лёгкасцю заводзяць натоўп. Уладальнікі ўстаноў не любяць такія вечарынкі. Пытанні - як да выканальніцкага ўзроўню музыкантаў, так і да культуры піцця адпачывальнікаў.

Праўда, выступаць на любым пятачку Верхняга горада, таму што прыйшло натхненне, не атрымаецца. Для гэтага неабходна атрымаць спецыяльны дазвол. І гэта сусветная практыка.

Трэба адправіць заяўку ў праект "Пешаходка" і прайсці праслухоўванне. Стукнуць па струнах на Зыбіцкай у гэтым сезоне падахвоціліся больш як паўтысячы музыкантаў, і практычна ўсе атрымалі акрэдытацыю. Сярод патрабаванняў арганізатараў - перфомансы ва ўстаноўленых месцах і жывы гук.

Тым не менш, на агні начной Зыбіцкай злятаюцца і тыя, хто не ў курсе тутэйшага музычнага этыкету.

Афіцыйна вулічным музыкантам можна іграць у 5 месцах Верхняга горада са спецыяльным дазволам, і толькі да 23 гадзін. Зараз на маім гадзінніку 23:40. Таму ў праваахоўнікаў ёсць усе падставы папрасіць музыкантаў спыніць выступленне.

Апроч пытанняў музычных, уладальнікі ўстаноў разам з гарадскімі ўладамі вырашаюць і іншыя праблемы самага тусовачнага месца горада. Адна з іх - горы смецця, якія застаюцца пасля бурных вечарынак.

І гэтая праблема як для барных вуліц Лондана, так і мюнхенскага "Актоберфэста". Вось так шакавальна выглядае раніца пасля маштабнага піўнога свята.

Таксама з гэтага часу з мэтай гарантаваць бяспеку і правапарадак Зыбіцкую патрулюе АМАП. Дзяжурыць і супрацоўнік ДАІ, каб на пешаходную тэрыторыю не змаглі заязджаць байкеры і аўтамабілісты, якія жадаюць наладзіць пікнік на капоце сваёй машыны. А тым часам тусовачная Мека працягвае расці - рыхтуюцца да адкрыцця новыя бары і гатэль. А значыць - уладальнікам устаноў на Зыбіцкай трэба будзе правесці яшчэ мноства дыялогаў на шляху да камфортнага суседства. Галоўнае, каб парадкаванне, якое ўспрымаецца як абмежаванне, не пазбавіла Мінск месца начнога прыцягнення.