Планавае адключэнне гарачай вады ў Мінску працягваецца

9 июня 2015

Да канца лета яно па чарзе закране кожны раён. Па словах энергетыкаў, час вымушанага загартоўвання складае 14 сутак. Чаму для рамонтных работ і выпрабаванняў цепласетак неабходны менавіта такі тэрмін? І як мінчане знаходзяць альтэрнатыву гарачаму водазабеспячэнню? Аляксей Кандраценка больш падрабязна.

Цёпленькая... не пайшла! Прыкладна з такой фразы многія мінчане пачынаюць кожны сезон з мая па жнівень. Планавае адключэнне гарачай вады прымушае назапасіцца тазікамі, дадатковымі каструлямі, кіпяцільнікамі. Зрэшты, у кожнага свой рэцэпт, як перажыць мікраледніковы перыяд.

Дарэчы, менавіта лазні - правераны часам стандарт чысціні і камфорту.

Лазні і саўны - адна з аптымальных альтэрнатыў на час адключэння гарачай вады. Праўда, кожны дзень прыходзіць сюды не атрымаецца, затое калі трапіш, то надоўга.

Але і тут таксама адключаюць гарачае водазабеспячэнне, аднак ёсць выбар. У сталіцы 10 дзяржаўных лазняў і лазневых комплексаў. Папарыцца заўсёды знойдзецца дзе.

Значная частка цепламагістраляў у Мінску па тэхнічных мерках старажылы - ім па 25 - 30 гадоў. Рамантуюць у асноўным іх, але для гэтага адключаюць гарачае водазабеспячэнне ўсё роўна ва ўсіх раёнах і кварталах.

Сёння ў сталіцы 3 цеплаэлектрацэнтралі і 9 раённых кацельняў. Энергетыкі поўнасцю завершаць рамонтныя работы і выпрабаванні да 31 жніўня. Верасень жа – апошні месяц для таго, каб пераканацца, што ўся тэхніка і агрэгаты на сто працэнтаў гатовыя забяспечваць цяплом гараджан у халодны час года.