Першы ў краіне мабільны медыцынскі комплекс пачаў курсіраваць у Крупскім раёне

9 февраля 2016

Ён створаны на базе аўтобуса ПАЗ. Замест салона - тры кабінеты. У іх фельчар будзе аглядаць хворых і прызначаць лячэнне. Такая паслуга прызначана для жыхароў раёна, якія самі не могуць дайсці да медпункта. Калі перасовачны ФАП будзе запатрабаваны, магчыма, такую практыку ўвядуць і ў іншых раёнах Мінскай вобласці.

Антаніна Станкевіч раскажа падрабязна. Новенькі белы аўтобус вылучаецца хіба што чырвонымі літарамі на кузаве. Гэта і ёсць мабільны ФАП. На першы погляд – нічога асаблівага. Але ўнутры ёсць усё неабходнае, каб прымаць пацыентаў. Малады спецыяліст Аляксандр, па ўсім бачна, задаволены сваім незвычайным рабочым месцам.

Новы ФАП курсіруе па самых аддаленых вёсках Крупскага раёна - некаторыя знаходзяцца ад райцэнтра, а значыць і ад бальніцы, за 70 кіламетраў. Спецыялісты ў поспеху пілотнага праекта не сумняваюцца.

Першыя пацыенты, гледзячы на такі незвычайны ФАП, не ўтойваюць здзіўлення. Аднак жыхарам аддаленых вёсак новаўвядзенне падабаецца. Добра, калі медыцынская дапамога сама прыязджае да пацыентаў своечасова.

У новым ФАПе аказваюць стандартныя паслугі. Памераць ціск, здаць некаторыя аналізы, атрымаць кансультацыю і што вельмі важна – прама тут набыць неабходныя лекі. Дарэчы, такі візіт нічым не адрозніваецца ад візіту ў стацыянарны ФАП, а значыць, цалкам бясплатны для людзей.

Пакуль што гэта пілотны праект не толькі для цэнтральнага рэгіёна, але і ўсёй краіны. Папярэднія разлікі паказалі, што такі падыход дапаможа сэканоміць выдаткі на першасную меддапамогу і пры гэтым дазваляе захаваць якасць. Для вёсак, дзе пераважна жывуць сталыя людзі, гэта вельмі важна.