Першы ў вобласці міні-цэнтр бяспекі для дашкалят адкрылі ў Лагойску

3 марта 2021
Як пазбегнуць пажару альбо патопу і што рабіць у выпадку атручэння. Першы ў вобласці міні-цэнтр бяспекі для дашкалят адкрылі сёння ў Лагойску. Інтэрактыўная прастора размясцілася на базе Цэнтра развіцця дзіцяці. У адным пакоі цэлы комплекс трэнажораў. 

Як будзе праходзіць навучанне, даведалася Алена Вітко.

Уся прастора ўмоўна падзелена на дзве зоны. Тут дашкольнікі будуць вывучаць правілы бяспечных паводзін дома. Наглядна разбіраць памылкі дапаможа дапоўненая рэальнасць. Так, напрыклад, можна ўбачыць, як узнікае пажар, калі пакінуць камін без нагляду.

Адной з першых азбуку бяспекі тут асвоіць Соф’я Козел. Пры гэтым асновы пяцігадовая дзяўчынка смела выкарыстоўвае на практыцы.

Адпрацуюць у цэнтры і небяспечныя сітуацыі, якія могуць здарыцца на вуліцы. Увесь пакой ператвараецца ў гульнявое поле. Заданні - толькі пасля кідка кубіка. Так, на шляху да фінішу дзеці навучацца правільна звяртацца ў хуткую дапамогу, а таксама  зразумеюць, што нельга гутарыць з незнаёмцамі.

Пакуль адукацыйная пляцоўка ў Лагойску працуе толькі для выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, іх больш за трыста. Але хутка  інтэрактыўныя заняткі арганізуюць і для дзяцей з іншых устаноў горада і раёна. 

Усяго ж у цэнтральным рэгіёне працуюць 10 іміджавых пакояў МНС, ёсць абласны цэнтр бяспекі ў Барысаве. У фармаце міні яны існуюць практычна ў кожным раёне. Нядаўна, напрыклад, адкрыўся ў Чэрвені.