Першы дзень канікул у школьнікаў самы насычаны: трэба выбраць гурткі па інтарэсах

25 марта 2019

Сёння ў школьнікаў пачаліся канікулы. Тыдзень без кантрольных, праверачных і хатніх заданняў.  У дзяцей будзе больш вольнага часу. Можна займацца робататэхнікай, ментальнай арыфметыкай або 3D-графікай. Якія гурткі па інтарэсах выбірае сталічная моладзь, раскажа Юлія Токар.

Першы дзень канікул у школьнікаў самы насычаны. На наступныя сем дзён падлеткам неабходна вызначыць, якія гурткі па інтарэсах яны будуць наведваць. А выбар сапраўды вялікі. Толькі ў сталічным Палацы дзяцей і моладзі прапаноўваюць больш за тры дзясяткі накірункаў: ад выяўленчага мастацтва да 3D-мадэлявання і  робататэхнікі.

У гэтыя хвіліны юныя прадпрымальнікі гатовыя падзяліцца сваімі фінансавымі ведамі. Даведацца цікавыя звесткі нумізматыкі, гісторыю з'яўлення пластыкавых картак і перспектывы развіцця крыптавалюты - турнір па інтэлектуальных гульнях аб'яднаў дзве сотні сталічных школьнікаў. 

Дарэчы, праявіць здольнасці можна і ў тэхнічнай творчасці. У раскладзе - інтэрактыўныя праграмы, інавацыйныя конкурсы і гала-канцэрты. 

А васьмігадовая Дар'я Новікава на гэтым тыдні плануе паставіць новы рэкорд у ментальнай арыфметыцы. Дзяўчынка стала пераможцам на міжнародным чэмпіянаце ў Санкт-Пецярбургу і зараз рыхтуецца да рэспубліканскага ў Мінску. Дар’я рашае два дзясяткі задач, патраціўшы на кожную ўсяго тры дзясятыя секунды. Аднімаць і складаць вусна яна можа нават падчас дэкламавання вершаў. 

Сучасных Мендзялеевых і Эйнштэйнаў рыхтуюць паводле ўнікальнай методыкі. Дзеці на хуткасць лічаць на адмысловых лічыльніках - сарабанах, малююць дзвюма рукамі адначасова і літаральна праз некалькі заняткаў камбінуюць двухзначныя лічбы, непадуладныя нават дарослым.

Займацца арыфметыкай, вакалам ці інжынерным дызайнам – галоўнае, канікулы правесці максімальна з карысцю і набыць новыя навыкі. Каб у новай чвэрці паказаць яшчэ лепшыя вынікі. 

Падчас школьных канікул Дзяржаўтаінспекцыя ўзмоцніць кантроль над выкананнем правіл дарожнага руху. Інспектары заклікаюць вадзіцеляў быць пільнымі, зніжаць хуткасць у дварах і асабліва перад пешаходнымі пераходамі.