Першыя званкі сёння прагучалі ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці

1 сентября 2015

Сёлета колькасць навучэнцаў у школах і гімназіях вобласці павялічылася. У першую чаргу, за кошт першакласнікаў - сёння званок упершыню прагучаў для 16 тысяч першаклашак. Асаблівую ўвагу ў сістэме адукацыі зараз надаюць развіццю сельскіх школ. Так, навучальны комплекс у Пухавіцкім раёне сёння наведала віцэ-прэм'ер Наталля Качанава. Як завабіць маладых спецыялістаў у невялікія школы і палепшыць якасць адукацыі на сяле? Адказы ў сюжэце Надзеі Сербіненкі.

Лета скончылася, а гэта значыць, што для школьнікаў настала пара зноў садзіцца за парты. Сёння ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці прайшлі ўрачыстыя лінейкі. Свой першы званок пачулі і адзінаццаць першакласнікаў Дукорскай сярэдняй школы.

За 150 гадоў існавання Дукорская школа ператварылася ў цэлы навучальны комплекс. Зараз тут вучыцца 112 школьнікаў і 26 выхаванцаў дзіцячага садка. Класы невялікія, але навучэнцаў у сельскай школе менш не становіцца. Сярод адзінаццаці першакласнікаў і шасцігадовая Дар'я. На першым у жыцці ўроку дзяўчынку падтрымлівае маці.

Першакласніцы Дар'і выпала адказная місія - даць першы званок.

Дукорскую сельскую школу сёння наведала і віцэ-прэм'ер Наталля Качанава. Пасля ўрачыстай лінейкі і экскурсіі па школе госці пабывалі на адкрытым уроку. Шмат педагогаў у Дукорскай школе - маладыя спецыялісты, і гэта толькі ўзнімае прэстыж адукацыі ў сельскай мясцовасці.

Адразу пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта Ксенія Кротава вырашыла вярнуцца ў родную школу. Яна ўладкавалася настаўнікам пачатковых класаў і не пашкадавала.

Старшакласнікаў у гэтым навучальным годзе таксама чакае многа новага. Сёлета яны зноў змогуць атрымліваць веды ў профільных класах, у тым ліку педагагічных.