Першая ў Беларусі "Моладзевая прэмія" праходзіць у Мінску

16 декабря 2019
У гэтыя хвіліны ў Мінску праходзіць адна з галоўных моладзевых падзей года. Ушаноўваюць тых, у каго няма творчых перашкод, хто вольны ў сваіх жаданнях  і хто з задавальненнем услаўляе Беларусь. 

Аб уладальніках "Моладзевай прэміі - 2019" распавядзе Мікіта Дзяменцьеў.

За імі творчасць, спорт, гумар, тэхналогіі і ў цэлым будучыня краіны. "Моладзевая прэмія", якая, дарэчы, праходзіць упершыню, сабрала лепшых прадстаўнікоў маладога пакалення ў IT- і б’юці-сферах, субкультур, віртуозаў экстрэмальных відаў спорту, у цэлым усіх, хто актыўна і прадукцыйна выявіў сябе на працягу года.
Сваю вялікую прэмію Алена Сініцкая атрымала за даволі маленькі тэрмін. У красавіку маладая мама стала аўтарам унікальнага праекта, які рэалізавала праз сацсеткі. Дзяўчына арганізоўвала суботнік у сябе ў Жодзіне. Спачатку адна давала справаздачу аб праробленай працы ў Instagram. У лічаныя тыдні падключыліся аднадумцы. І сёння яна лідар у намінацыі "Самы яркі экапраект". 

На "Моладзевую прэмію - 2019" прэтэндавалі 150 чалавек

Лепшых з лепшых прадстаўнікоў сучаснай моладзі выбіралі з 150 прэтэндэнтаў на ганаровую прэмію,  толькі 13 з іх выбіліся ў лідары. Намінацыі ўсе розныя - ад сацыяльных і бізнес-праектаў да творчых і спартыўных дасягненняў. 

У наступным годзе арганізатары плануюць пашырыць фармат прэміі і павялічыць колькасць намінацый

Дарэчы, стаць адным з магчымых уладальнікаў  "Моладзевай прэміі" можа любы ахвотнік, бо галоўная ўмова,  каб пра добрую і карысную справу даведалася як мага больш людзей.