Перспектыўныя мадэлі электратранспарту з улікам сацыяльнага аспекта распрацоўваюць у Мінску

21 мая 2020
У Беларусі рыхтуецца дзяржаўная праграма развіцця электратранспарту на наступныя 5 гадоў. Адразу некалькі праектаў рэалізуе прадпрыемства "Аптрон" Акадэміі навук. Адзін з кірункаў - сацыяльны. Гэта электрапрыстаўка да інвалідных калясак. Прылада дазваляе людзям з абмежаванымі магчымасцямі перамяшчацца па горадзе і за яго межамі на хуткасці да 16 кіламетраў за гадзіну. Пры гэтым запас ходу на адной зарадцы да 40 кіламетраў. Прыстаўку тэсціравалі самі калясачнікі, у перспектыве з'явяцца і новыя мадыфікацыі.

Беларускія вучоныя прапануюць і розныя мадэлі персанальнага электратранспарту. Напрыклад, гэта трохколавы веласіпед. Варыянт для руху ў сельскай мясцовасці, або для службы дастаўкі. Акрамя таго, гэта і некалькі мадэляў электраматацыклаў і скутараў.

Усе распрацоўкі прадпрыемства - гэта імпартазамяшчэнне. Іх вырабляюць з максімальнай лакалізацыяй. А галоўнае, самы дарагі элемент электратранспарту - батарэю - выпускаюць на самім прадпрыемстве.