Помнік легендарнаму Песняру сёння зацвердзіў рэспубліканскі экспертны савет

21 июля 2014

Чатырохметровую скульптуру Уладзіміра Мулявіна ўсталююць да верасня на малой радзіме артыста - у Екацярынбургу. Манумент узводзяць беларусы. Гэта падарунак ад зямлі, дзе раскрыўся мулявінскі талент. Эскіз помніка ўбачыла Юлія Чаргінец.


Кніга пра Мулявіна стала ў скульптурным цэху настольнай. Майстар і да таго ж даўні прыхільнік творчасці беларускай музычнай легенды дэталі жыцця Песняра ўдакладняў па літаратуры і музейных фондах. Касцюм, у якім народны артыст даваў свае апошнія канцэрты, знаходзіцца зараз у музеі Мулявіна ў філармоніі. Аўтар манумента рэгулярна звяраў свой гліняны дызайн з арыгіналам.


Яшчэ падчас конкурсу на стварэнне помніка практычна ўсе 16 Мулявіных былі з гітарамі. Прайшоў варыянт з электраінструментам. Скульптар зрабіў два эскізы, за месяц узвёў чатырохметровую фігуру.


Зараз аддае яе ў рукі рабочых на фармоўку і ліццё. Пасля гэтага тры з паловай тоны бронзы паедуць у Екацярынбург (ранейшы Свярдлоўск). Тут не толькі радзіма музыканта - пачатак творчага шляху. Менавіта са свярдлоўскага вучылішча яго адлічылі за любоў да джаза.


Манумент будзе ўсталяваны ля тэатральнага комплексу, дзе не раз Мулявін ужо з Пяснярамі збіраў аншлагі.


У екацярынбургскага Мулявіна з'явіцца блізнюк і ў Мінску. Пасля ўсталявання помніка на гістарычнай радзіме Песняра такі ж паставяць на бульвары Мулявіна ў цэнтры беларускай сталіцы.


Помнік Уладзіміру Мулявіну ў Расіі - падарунак беларусаў якраз да юбілейнай даты: дня нараджэння Пясняроў.