Ад сістэмы закупак і кіравання жылфондам да фінансавай граматнасці беларусаў: Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам урада

13 января 2022

Ад сістэмы закупак і кіравання жылфондам  да фінансавай граматнасці беларусаў. Першая ў гэтым годзе нарада Прэзідэнта  з кіраўніцтвам урада адбылася сёння. Пры ўсёй сваёй шматпланавасці яе лейтматыў можна акрэсліць прыблізна так: галоўнае, каб навацыі змаглі вырашыць наяўныя праблемы. У прыватнасці, каб выключыць нядобрасумленнае пасрэдніцтва, шэрыя схемы і ўдасканаліць сістэму закупак (на гэта неаднаразова звяртаў увагу кіраўнік дзяржавы), урад падрыхтаваў адпаведны праект указа. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, важна забяспечыць бесперабойнасць працы прадпрыемстваў з адначасовай эканоміяй,  а яна можа быць істотнай.  Падрабязнасці нарады ў Палацы Незалежнасці распавядзе наш палітычны аглядальнік Аляксей Волкаў. 

Лічбавыя тэхналогіі ў справе

Уся справа ў лічбе. Аб тым, наколькі ўплываюць на наша жыццё электронныя паслугі, аўтаматызаваныя сістэмы, сацсеткі і пераводы анлайн, можна гаварыць бясконца. Сёння лічбавыя тэхналогіі -  гэта крывяносная сістэма грамадства. Разганяюцца яны хутчэй, чым часціцы ў адронным калайдары. Таму надышоў час  мадэрнізаваць профільнае Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. 

Тэхналогія для чалавека, а не наадварот. Новае ведамства атрымае назву Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі. Задача амбіцыйная - палепшыць не толькі побыт, але і дабрабыт беларусаў за кошт высокаэфектыўных вытворчасцяў. 

Новае Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі

Шматлікія функцыі з новага законапраекта Мінсувязі ўжо выконвае, але патрэбна юрыдычная ўніфікацыя працэсаў, каб пазбегнуць папяровай цяганіны, тым больш у лічбавым ведамстве. Гэта датычыцца і сістэмы закупак. Патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі: цалкам выключыць шэрыя схемы і нядобрасумленных пасрэднікаў. Праект указа таксама гатовы, у цэлым адобраны, але Першы настойвае - дакумент павінен працаваць на ўсе 100 %. Без агаворак і апраўданняў.

Навесці парадак у дзяржзакупках

Як раз пра такія шэрыя схемы мы распавядалі напярэдадні. За 2021 год дзяржкантроль выявіў звыш васьмі дзясяткаў злачынстваў. На тую ж медтэхніку цэны завышаліся ў 40 разоў - відавочна недапушчальна. У цэлым  меркаваныя падыходы абяцаюць у першы ж год сэканоміць для бюджэту  да мільярда рублёў. І гэта з важнай папраўкай - прадпрыемствы не будуць спыняцца ні на секунду.

Да вырашэння яшчэ аднаго пытання падвялі падзеі 2020 года. Праект указа аб больш жорсткай  адказнасці старшынь праўленняў таварыстваў уласнікаў жылля за эксплуатацыю і захаванасць агульнай маёмасці. 

А. Лукашэнка: Слава богу, што яшчэ не спалілі сталіцу, як гэта зрабілі з фінансавай сталіцай Казахстана

Прасцей кажучы, марадзёрства ў жылых дамах  больш не пройдзе. Тым больш што і самім жыхарам парушэнні  паднадакучылі.

Прэзідэнт паставіў задачу дапамагчы насельніцтву граматна кіраваць фінансамі

І фінальны ўказ дня - аб фінансавым кансультаванні фізічных асоб. Гэта пра фінансавую граматнасць. Дзе лепш захоўваць грошы, у што ўкласці, як правільна ў цэлым выкарыстаць? Дапамагчы і навучыць - таксама задача для дзяржавы. Для гэтага сфарміруюць спецыяльны інстытут прафесійнай дапамогі ўсім, хто пажадае. Гэта, безумоўна, важна. Як важны і галоўны пасыл Прэзідэнта сёння - чатыры ўказы дапрацаваць так, каб гэта былі не проста літары на лістах, а важныя дзеючыя інструменты.