Асцярожна! Даверлівасць можа павярнуцца грошамі на вецер

25 апреля 2018

Асцярожна: злы жарт! Або як даверлівасць можа павярнуцца грошамі на вецер. На Viber многіх беларусаў сталі прыходзіць паведамленні кшталту: "Вы выйгралі! І Ваш прыз - новенькі пазадарожнік прама з салона". Некаторыя нават паверылі ва ўдачу. Праўда, платай за давер сталі вельмі немалыя сумы - каля паўтары тысячы долараў. Сярод пацярпелых два жыхары Магілёва. Яны пералічылі грошы на рахунак ашуканцаў. Што характэрна: ніхто з так званых пераможцаў ні ў якіх конкурсах і латарэях не ўдзельнічаў. Да нас звярнуліся тэлегледачы, якія таксама атрымалі такое паведамленне.

З падрабязнасцямі Карына Пашкова.

Фантастычная перамога ў не менш фантастычным розыгрышы. Да нас звярнуўся жыхар Бабруйска, які каля тыдня таму атрымаў паведамленне аб тым, што выйграў новы Land Cruiser. Меседж прыйшоў з расійскага нумара. Пакуль Максім (так завуць нашага героя) высвятляў дэталі акцыі, такі ж меседж атрымала і яго жонка.

У паведамленні названы нумар менеджара і адрас сайта, на якім можна даведацца падрабязнасці розыгрышу. Паведамляецца, што замест аўтамабіля пераможца можа забраць грошы, сума роўная кошту машыны. Мы паспрабавалі ўдакладніць у менеджара, якія ўмовы неабходна выканаць, каб забраць грашовую ўзнагароду.

Камісія складае каля паўтары тысячы долараў. Такой сумы пазбавіліся два жыхары Магілёва. Пацярпелым таксама прыйшло паведамленне аб перамозе ў латарэі. Але ад машыны аддзяляюць фармальнасці - неабходна пералічыць грошы за падатак і дастаўку.

Толькі адзін дзіўны факт: ні пацярпелыя з Магілёва, ні тэлегледачы, якія звярнуліся да нас, ні ў якіх конкурсах не ўдзельнічалі.

Прадстаўнічыя сайты, на якіх патэнцыйныя ахвяры маглі азнаёміцца з умовамі акцыі, знікаюць на працягу некалькіх дзён, а на іх месцы з'яўляюцца новыя, якія прыцягваюць ужо новых даверлівых “пераможцаў”.

Паводле звестак спецыялістаў, такія махлярскія рэсурсы, як правіла, размяшчаюцца за мяжой. І ў нашай краіне прэцэдэнтаў не было, паколькі перад тым як завесці хостынг у Беларусі і пры набыцці даменнага імя карыстальнік паведамляе свае звесткі. Гэтую інфармацыю правяраюць рэгістратары і хостынг-правайдары. Часцей за ўсё такія рэсурсы размяшчаюцца ў ЗША, Еўропе або Расіі, таму кантраляваць гэта ўнутры краіны вельмі складана. Так што не раскручвайце кола фартуны і не выпрабоўвайце лёс і кашалёк.