Вогненная эстафета для навучэнцаў каледжаў Мінскай вобласці

15 апреля 2021

Паспрабаваць сябе ў ролі ратавальніка і прайсці вогненную паласу перашкод змаглі студэнты з каледжаў Мінскай вобласці. Пяць каманд пераадольвалі дыстанцыю 120 метраў з гарачымі брусамі, лабірынтамі, лесвіцамі і тунэлямі. 

Кожны ўдзельнік прабег паласу бяспекі ў баявым касцюме супрацоўніка МНС. Для юнакоў і дзяўчат былі аднолькавыя ўмовы. Разам з усімі пераадольваў перашкоды і Ілья Цвяткоў.

Зборы па камандзе на хуткасць, як і праходжанне паласы перашкод, з першага погляду можна падумаць, што тут трэніруюцца прафесійныя ратавальнікі. Але на самай справе форму вогненных байцоў прымералі студэнты каледжаў Мінскай вобласці.

Абласны этап тэматычнага конкурсу па бяспецы прайшоў на эксперыментальным палігоне МНС у Барысаўскім раёне. Пяць каманд з Салігорска, Слуцка, Нясвіжа, Барысава, а таксама зборная Мінскага абласнога ліцэя прайшлі выпрабаванне на трываласць адкрытым агнем.

Даўжыня дыстанцыі - 120 метраў. Кожны элемент - лесвіцы, лабірынты, броўны - у агні. Пераадольвалі бар'еры  на роўных. Для юнакоў і дзяўчат умовы аднолькавыя. 

Праз агонь, ваду і жалезабетонныя трубы… Зараз паспрабуем прайсці паласу перашкод для ратавальнікаў-пачаткоўцаў. На ўсё пра ўсё – не больш за 2 хвіліны. Паехалі... 

Бегчы ў некалькі разоў больш складана з-за вагі баявой вогнеўстойлівай амуніцыі – каля 5 кілаграмаў лішняй масы. Пры гэтым у рэальных умовах ратавальнікі нясуць на сабе яшчэ і кіслародныя балоны, а таксама спецабсталяванне – нагрузка больш за 20 кілаграмаў.

Канешне, назіраць збоку было намнога прасцей. Але гэта сапраўды весела.

Да конкурсу рыхтаваліся некалькі тыдняў. Пры гэтым  набіралі не толькі фізічную форму, але і адточвалі тэорыю. Яе прыйшлося прымяніць падчас выканання тэстаў па бяспецы - гэта другі этап спаборніцтваў. 

Заключнае выпрабаванне для каманд - медпадрыхтоўка. Умоўным пацярпелым аказалі хуткую дапамогу, пры гэтым атрымалі пэўную колькасць балаў за камандную і індывідуальную працу. Паводле ацэнак журы, лепшымі сталі студэнты з Салігорска. Менавіта яны адправяцца на фінальны рэспубліканскі этап вогненнай эстафеты, які пройдзе праз месяц.