Абноўленую школу адкрылі ў Крупках

9 января 2023

У Крупках пасля капітальнага рамонту адкрылі школу. Акурат да пачатку трэцяй  чвэрці. Сам будынак (больш як з 70-гадовай гісторыяй) у  цэнтры горада. Ён устарэў маральна і фізічна, аднак было прынята рашэнне яго не зносіць, а перабудаваць. З'явіліся дадатковыя і прасторныя памяшканні. У выніку зараз Крупская школа № 1 -  гэта новыя магчымасці для 250 вучняў. 

На тэрыторыі ёсць спартыўная пляцоўка, можна займацца і валейболам. А ўнутры - камбінаваная майстэрня па апрацоўцы металу і драўніны для хлопчыкаў, а таксама кабінет кулінарыі для дзяўчынак. Акрамя таго, у распараджэнні школьнікаў і камп'ютарны клас з элементамі STEM. Дарэчы, тут з'явіцца і дадатковае абсталяванне. Для гэтых мэт Мінскі аблвыканкам падарыў установе сертыфікат.

У  планах Крупскага раёна будаўніцтва вялікага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра з басейнам. Таксама новыя праекты рэалізуюць тут прадпрыемствы  "Амкадор" і агракамбінат "Дзяржынскі".