Новы падземны пераход будзе пабудаваны на 304-м кіламетры трасы Мінск - Брэст у Дзяржынскім раёне

16 апреля 2015

З-за блізкасці чыгункі наземны пераход, размешчаны на гэтым участку магістралі, актыўна выкарыстоўваюць дачнікі. Нягледзячы на знакі аб паніжаным хуткасным рэжыме, тут часта здараліся ДТЗ. Калі вырашаць пытанне - ведае Наталля Кузьміцкая.

Дачнік Уладзімір шпарка перасякае дарогу, каб не трапіць пад колы аўтамабіляў. Дарожныя знакі на хуткаснай магістралі ў Дзяржынскім раёне вадзіцелі не заўсёды заўважаюць. Асабліва ў выхадныя і святочныя дні рух на гэтым участку інтэнсіўны.

Каб ліквідаваць гэтае патэнцыяльна аварыйнае месца, было прынята рашэнне пабудаваць новы падземны пераход.

Новае збудаванне на 304 кіламетры трасы М1Е30 заменіць наземны пераход, які функцыянаваў тут раней і з-за інтэнсіўнага руху аўтамабіляў быў вельмі небяспечны для пешаходаў.

Будаўніцтва новага пераходу пачалося ў красавіку, а завершыцца летам. Таму на працягу амаль чатырох месяцаў рух на гэтым участку дарогі будзе абмежаваны. Аднак вадзіцелі гатовыя пацярпець часовыя нязручнасці.

Цікава, што праблему ДТЗ на 308-м кіламетры гэтай жа магістралі мясцовыя ўлады вырашылі аналагічным чынам - пабудавалі падземны пераход. З моманту яго з’яўлення тут не здарылася ніводнай аварыі.