Новы корпус раённай бальніцы адкрылі сёння ў Мёрах

31 мая 2018

Гэтай падзеі жыхары райцэнтра чакалі больш за 25 гадоў. Увесь гэты час пацыентам даводзілася праходзіць сапраўдны марафон да здароўя, бо карпусы былі раскіданы па ўсім горадзе. Зараз сучасны трохпавярховы будынак абсталяваны ўсім неабходным: пацыенты атрымліваюць якасную меддапамогу ў камфортных умовах. У гэтым пераканалася Марына Раманоўская.

Маленькай Анастасіі ўсяго 6 дзён. Але яна ўжо ўвайшла ў гісторыю невялікага райцэнтра. Малышка стала першай дзяўчынкай, якая нарадзілася ў аддзяленні новай бальніцы. Таксама на свет тут з'явіліся і два волаты.

Раней акушэрскае аддзяленне знаходзілася ў прыстасаваным будынку. Аб сучасным абсталяванні, камфортных палатах, пеленальных століках з падагрэвам можна было толькі марыць. Сёння гэта рэальнасць. Гонар акушэрскага аддзялення - ультрасучасны кювез. Ён дае другое жыццё немаўлятам, якія нарадзіліся на свет зусім маленькімі.

Бальнічны гарадок стаў упрыгажэннем райцэнтра. Побач з лячэбным - гаспадарчы корпус, аддзяленне хуткай дапамогі, клініка-дыягнастычная лабараторыя, харчаблок. Усе будынкі аб'яднаныя падземным пераходам.

Цяжка паверыць, але зусім нядаўна шлях да здароўя ў Мёрах нагадваў квест. 11 карпусоў былі раскіданыя па ўсім горадзе. За шмат гадоў такі марафон стаў сапраўдным галаўным болем і для пацыентаў, і для ўрачоў. Зараз у новай бальніцы новае жыццё. З мінулага тут толькі прафесійныя кадры.

Нягледзячы на тое, што адкрылася бальніца сёння, гісторыя гэтага будынка ўжо налічвае чвэрць стагоддзя. Будаўніцтва некалькі разоў спынялася і аднаўлялася. Здавалася, вылечыць корпус Мёрскай раённай бальніцы ад хранічнага дыягназу "даўгабуд" - нешта са сферы фантастыкі. Давесці справу да канца дапамагла дзяржаўная інвестпраграма.

Войцех Богуш трапіў на бальнічную койку з інфарктам. Зараз цяжкі пацыент паступова ідзе на папраўку. Жартуе, што ў камфортных умовах і выздараўленне праходзіць хутчэй. Урачы дадаюць: зараз у іх на ўзбраенні сучасныя тэхналогіі і абсталяванне. Напрыклад, найноўшы рэнтген-кабінет. Да гэтага апаратура ў бальніцы была плёначнай. На змену прыйшлі лічбавыя тэхналогіі. І так ва ўсіх аддзяленнях бальніцы.

Новы сацыяльна важны аб'ект стане зарукай і эканамічнага росту раёна. Буйны інвестар будуе ў Мёрах металапракатны завод. Адна з умоў - забяспечыць якасным медыцынскім абслугоўваннем персанал прадпрыемства.

На будучыню ў малога горада вялікія планы. Маюць намер развіваць медыцынскі турызм - побач мяжа Латвіі і Літвы. Для гэтага ў Мёрах пабудуюць медыцынскі цэнтр, сертыфікаваны па еўрапейскіх стандартах. Унікальны праект стане прыкладам дзяржаўнага і прыватнага партнёрства.