Новыя серыі дакументальнай сагі "БССР. Невядомая гісторыя".

10 января 2019

Эксклюзіўныя інтэрв'ю экспертаў, чорна-белая хроніка і архіўныя дакументы. Журналісцкае расследаванне Белтэлерадыёкампаніі распавядзе асабістую гісторыю ключавых палітычных дзеячаў БССР. Апроч пастановачных здымак, адным з рэжысёрскіх прыёмаў стала выкарыстанне тэатра ценяў. Такім чынам, трэці эпізод дакументальнага серыяла стваральнікі прысвяцілі Аляксандру Чарвякову. Здымкі серыі праходзілі ў Мінску, Маскве і Смаленску. Чаму Чарвякоў страціў пасаду старшыні Савета народных камісараў? Ці сапраўды ён даваў абвінаваўчыя сведчанні супраць свайго сябра Купалы? Адказы ў эфіры "Беларусь 1".

Вікторыя Касянюк, аўтар фільма "БССР. Невядомая гісторыя": "У серыі пра Чарвякова з'явіцца рэальны герой - поўны цёзка свайго дзеда Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў. Ён распавядзе пра тое, як склаўся лёс яго сям'і пасля таго, як Чарвякоў пакончыў жыццё самазабойствам. Распавядзе аб узаемаадносінах Чарвякова і Сталіна. Гэта такі досыць нявывучаны бок жыцця Чарвякова. А таксама распавядзе пра тое, якая версія існуе ў яго сям'і наконт прычыны самазабойства яго дзядулі".

Працяг дакументальнага цыклу "БССР. Невядомая гісторыя" глядзіце сёння адразу пасля "Панарамы" на першай кнопцы.