Навагодні кадэцкі баль прайшоў у Слуцку

24 декабря 2019
У танцах гэтых маладых людзей пераплятаецца грацыя і мужнасць. Дзявяты навагодні кадэцкі баль прайшоў сёння ў Слуцку. Кавалеры і дамы кружыліся пад гукі паланэза, вальса і кадрылі. На свецкі раут зазірнула і Алена Вітко.

У Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы ў рытме танца закружыліся больш за сто пар. Да свецкага рауту яны рыхтаваліся некалькі тыдняў. І сёння кадэты выйшлі на імправізаваным паркет, каб паказаць сваю прыгажосць і грацыю.

220 кадэтаў змянілі звыклую форму на парадную. У кавалераў - мундзіры, а дамы ў вячэрніх сукенках. У такім выглядзе яны кружыліся пад гукі паланэза, вальса, кадрылі і полькі - ўсяго падрыхтавалі каля 10 танцаў. 

Хтосьці на імправізаваны паркет выйшаў упершыню. Але акрамя дэбютантаў ёсць і тыя, хто заўсёды ў цэнтры танцавальных сустрэч. Напрыклад, Анастасія Севасцюк і Мікалай Пунько толькі вярнуліся з навагодняга балю для моладзі, які прайшоў у Маладзечне. Сваю пластыку і грацыю яны дэманстравалі і ў сталіцы на Рэспубліканскім сувораўска-кадэцкім балі. А сёння кружацца ў сценах роднага вучылішча.

Падчас урачыстага вечара дыпломамі адзначылі лепшых навучэнцаў. У падарунак кадэтам падрыхтавалі торт з галоўным сімвалам навагодніх свят у выглядзе ёлкі. А для гасцей правялі танцавальныя майстар-класы і гульні.

Свецкі раут ў Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы прайшоў у рамках дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". Свята шчодрых сэрцаў, якія вальсіравалі ва ўнісон, тут прайшло дзявяты раз.