Навагоднія святы ў дзіцячым хоспісе

22 декабря 2020
Новы год і Нараджэнне Хрыстова павінны прыйсці да кожнага чалавека, увайсці ў кожны дом.

З асаблівай надзеяй гэтыя святы чакаюць выхаванцы Беларускага дзіцячага хоспіса і іх бацькі. Напярэдадні юным пацыентам паліятыўнай установы падарылі магчымасць акунуцца ў перадсвяточную атмасферу. Супрацоўнікі хоспіса, валанцёры і дабрачынцы зладзілі для дзяцей і запрошаных гасцей урачысты "Калядны кірмаш". Наталля Бардзілоўская  больш падрабязна.

Да Раства  яшчэ далёка і снег не выпаў, каб карагодзіць-навагодзіць, але на бараўлянскі адрас Бярозавы гай, 100А прыехала свята. З Віфлеемскай зоркай, калядкамі, пацешнымі снегавікамі, пачастункамі і падарункамі. У невялікім дворыку дзіцячага хоспіса не праціснуцца. Хатка для варажбы, казачныя арэлі, батлейка – паўсюль дзятва, бацькі, ветлівыя валанцёры. Для тых, хто палохаецца слова «хоспіс» і лічыць яго месцам нейкіх самотных перажыванняў, здзіўленне. Тут жыве радасць. Ад новага дня. Ад свята. Ад магчымасці сустрэцца, пабыць разам і ўсміхнуцца адно аднаму. Насуперак COVID і масачнаму рэжыму.

Не месца суму, а філасофія дапамогі. Дзіцячы хоспіс - гэта лад жыцця і для цяжкахворых дзетак, і для іх бацькоў, і для тых, хто іх апекуе. Гэта дыялог, у якім той, хто мацнейшы, аказвае сацыяльную, псіхалагічную, матэрыяльную дапамогу тым, каго мы называем “паліятыўныя хворыя”. Рэспубліканская арганізацыя «Беларускі дзіцячы хоспіс» падтрымлівае за паўтысячы дзетак, якія жывуць у розных рэгіёнах Беларусі.

Між іншым, сёлетні акцэнт хоспіса  менавіта на аддаленых ад сталіцы кутках. У Мінску ў адносінах да паліятыўных хворых наладжана праца, а вось вобласці, раёны хоць і маюць свае хоспісы, дапамога ім не залішняя. Спецыялісты з Бараўлян выязджалі ў глыбінку. Наладзілі анлайн-семінары. Хоспіс працуе па 150 праграмах. У пастаяннай камандзе каля 30 супрацоўнікаў. Вялікая нагрузка, і спадзяванне на валанцёраў. 2020 год, як і для ўсіх, для арганізацыі і яе падапечных быў няпростым.

Дапамогі шмат не бывае! Падарункі сем'ям хворых дзетак на самай справе хоспіс робіць круглы год. Для медыцынскай дапамогі сёлета было закуплена нямала новага абсталявання: пульсасімектры,  медыцынскія помпы, канцэнтратары кіслароду. Паляпшэнне якасці жыцця хворага, адаптацыя сям'і да новых незвычайных умоў – адзін з кітоў, на якім трымаецца дзейнасць хоспіса.

Віка Уласенка атрымала  навагодні падарунак  - доўгачаканую сукенку прынцэсы. У кожнага дзіцяці тут ёсць свая мара. Каб Дзядуля Мароз яе выканаў, малыя загадзя паклапаціліся: зрабілі вось гэтыя сувеніры для дабрачыннага кірмашу.

Штогод каля 40 дзяцей беларускага хоспіса не дажываюць да наступнага Новага года. Падарыць радасць і можа нават падоўжыць дні тых, хто яшчэ з намі, можна кожны. Беларускі хоспіс заўсёды адкрыты для дабрачынцаў.