Нестабільнае фінансаванне і, як вынік, сацыяльныя даўгабуды

9 апреля 2015

Адразу некалькі важных для жыхароў Віцебска аб'ектаў - паліклініка і аздараўленчы цэнтр - вось ужо некалькі гадоў чакаюць свайго адкрыцця. Але далей мантажных прац справа не зрушылася. У той час, як за крок ад даўгабудаў, за лічаныя месяцы ўзводзяцца вялізныя гандлёвыя цэнтры.

Чаму дзяржаўныя забудоўшчыкі прайграваюць прыватніку, у праблеме разбіраўся Андрэй Ястрабаў. 

Гэты лазнева-аздараўленчы комплекс па нарматыўных тэрмінах павінен быў пачаць працаваць яшчэ ў 2011 годзе. Узяліся, актыўна, а вось давесці справу да канца не змаглі. Як гавораць будаўнікі, не хапіла сродкаў.

А гэта - будынак будучай паліклінікі. У такім недабудаваным выглядзе ён з 2012 года. Прычына - у нестабільным фінансаванні аб'екта.

Каб брыгады не прастойвалі, іх не раз перакідалі на іншыя аб'екты. Але гэта не выхад з сітуацыі, гавораць у будтрэсце. Праца ідзе, а даўгабуды ўсё роўна працягваюць стаяць.

Спецыялісты ўпэўніваюць, канкурэнцыю складаюць прыватныя будаўнічыя кампаніі. Менавіта ім нярэдка дастаецца львіная доля будаўнічага рынку. Бяруць крыху меншым коштам прац. І гэта пры тым, што якасць дзяржаўнага забудоўшчыка нічым не саступае.

Будаўнікі ўпэўненыя, дапамагчы павярнуць сітуацыю ў патрэбнае рэчышча можа мясцовая ўлада. Але просьбы будтрэста пакуль застаюцца не пачутымі. Працоўныя звярнуліся па параду да кіраўніка галоўнага медыяхолдынга краіны. Сёння Генадзь Давыдзька сустрэўся з працоўным калектывам віцебскага трэста. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі выслухаў будаўнікоў і параіў звярнуцца па дапамогу да мясцовых дэпутатаў. Менавіта яны павінны ў першую чаргу вырашаць праблемы людзей.

Не проста слухаць, але і чуць. Генадзь Давыдзька адзначыў, менавіта такім павінна быць правіла працы мясцовых дэпутатаў. Але пры гэтым і кіраўнікам прадпрыемстваў трэба быць больш мабільнымі. Актыўней удзельнічаць у тэндарах. Тым больш, што працоўныя рукі ёсць.