Незвычайную калекцыю сабралі выкладчыкі адной з брэсцкіх ВНУ

7 июня 2013

Павукі з трапічных і субтрапічных рэгіёнаў зараз жывуць не толькі ў іх кватэрах, але і ў лабараторыі. І, дарэчы, выдатна адчуваюць сябе ў нашых шыротах.


З гадаванцамі сустрэлася Вікторыя Патоня.


Аказваецца, павукі таксама ліняюць. Госці з Азіі, Афрыкі, Індыі. У інсектарыі біяфака ўніверсітэта імя Пушкіна іх амаль 80 відаў. Адна з самых багатых калекцый у краіне. Тут членістаногіх вывучаюць, разводзяць і паказваюць падчас спецыяльных экскурсій. Рэната прызнаецца: захапленне мужа перадалося ёй каля 8 гадоў таму. Спачатку было страшнавата, зараз найбольш рэдкія віды - хатнія гадаванцы.


Рэната Дзямешка, загадчыца лабараторыі генетыкі і фенетыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А. С. Пушкіна: Гэта не ручны гадаванец, таму што ўсе яны забяспечаныя сродкамі абароны. Па-першае, яны не любяць, калі іх на руку бярэш. Могуць укусіць, не гаворачы ўжо пра яд. Па-другое, яны ўсе пакрытыя такімі валаскамі. Гэтыя валаскі і з'яўляюцца атрутнымі.


Развядзенне павукоў - працэс працаёмкі. У інсектарыі для іх створаныя максімальна камфортныя ўмовы: вільготна і цёпла. Дарэчы, у такіх умовах павукі-птушкаеды могуць пражыць без ежы нават паўтара года.


Каля 50 відаў гіганцкіх павукоў на два тыдні пасяліліся ў Зімовым садзе горада Брэста. Усё - атрутныя. Калі свету вядомыя тры найбольш буйныя віды павукоў, то два з іх можна ўбачыць тут. А, напрыклад, гэты павук занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса, памеры лап дасягаюць 33 сантыметраў.


Экспазіцыя - частка калекцыі сям'і Дзямешка. Віктар захапіўся вывучэннем членістаногіх яшчэ ў шостым класе. Хобі вызначыла выбар прафесіі і лад жыцця. Пра павукоў, тараканаў, смаўжоў ён можа распавядаць гадзінамі.


Віктар Дзямешка, выкладчык кафедры заалогіі і генетыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А. С. Пушкіна: Самцы, каб дасягнуць такіх памераў, неабходна каля 6-7 гадоў. Плюс у іх адна вельмі цікавая асаблівасць: самкі большасці павукоў-птушкаедаў пражываюць дастаткова доўга па дасягненні палавой сталасці. Некаторыя пражываюць да 30 гадоў.


Павукі - жывёліны непатрабавальныя. І ўсё ж хатнімі гадаванцамі іх назваць складана. Акрамя тых, хто сціпла пляце павуціну ў кутах нашых дамоў.