Незвычайная экскурсія ў аўтобусна-пешаходным фармаце

23 октября 2013
Зазірнуць у мінулае на аўтобусе і бясплатна. З нагоды адкрыцця выставы Турбізнес-2013 кожны ахвочы мог абсалютна бясплатна прыняць удзел у незвычайнай экскурсіі. А менавіта ў аўтобусна-пешаходным фармаце. Прафесійнаму гіду дапамагалі акцёры - у выніку гледачоў вярнулі аж у 15 стагоддзе.

На некалькі гадзін зазірнула ў мінулае і Алеся Карпук.

Трапіць з дваццаць першага стагоддзя ў пятнаццатае сёння ў Мінску можна было на аўтобусе. Прычым абсалютна бясплатна.

Незвычайную экскурсію ў аўтобусна-пешаходным фармаце прапанавалі з нагоды выставы Турбізнес-2013, якая адкрылася сёння ў Мінску. Такім чынам, экспазіцыя выйшла за сцены выставачнага комплексу, а дакладней - выехала. І не толькі расказвалі, а яшчэ і паказвалі. Прафесійнаму гіду падчас падарожжа па Мінску дапамагалі прафесійныя акцёры. Менавіта таму экскурсія носіць назву анімацыйнай.
За тры гадзіны ўдзельнікі экскурсіі не толькі высветлілі, як раней вызначалі нумары дамоў і дзе самая вузкая вуліца Мінска, але і пад валынку станцавалі.

Як высветлілася, упершыню экскурсію ў такім фармаце прэзентавалі мінчанам яшчэ год таму. І за гэты час значна дапрацавалі ці, як кажуць арганізатары, абкаталі. З улікам пажаданняў ўдзельнікаў, якіх за мінулы год было каля пяці тысяч чалавек. Акрамя беларусаў, анімацыйную гісторыю Мінска ўжо пабачылі англічане, немцы і нават японцы.

Ахвочыя даведацца больш пра гісторыю сталіцы могуць далучацца да экскурсіі яшчэ заўтра і ў пятніцу. Тым жа, хто не мае лішняга часу, можна паназіраць за разгонам масонаў і прыняць удзел у цырымоніі аб'яўлення Магдэбургскага права непасрэдна на плошчы Свабоды.