Навуковыя канферэнцыі, творчыя спаборніцтвы, прэм'ера мюзікла "Тарас на Парнасе" - у Гарадку праходзіць Дзень беларускага пісьменства

2 сентября 2023

У Гарадку  ўрачыста адкрыўся XXX Дзень беларускага пісьменства.  Любімае свята слова  піша сваю гісторыю  з 1994 года. Першым Дзень беларускага пісьменства  прымаў Полацк.   Сімвалічна, што і юбілейнае свята  таксама праходзіць на віцебскай зямлі.  Яго цяперашняя сталіца - горад Гарадок - адзін з самых старажытных на беларускай зямлі.   А яшчэ з ім звязана самая вялікая  загадка беларускай літаратуры - стварэнне сатырычнай паэмы  "Тарас на Парнасе".  Сёння ўдзельнікаў свята ў  Вераніцынскім скверы  сустракае скульптура таго самага лесніка Тараса, а кожны куток  прыгожага мястэчка  пацвярджае, якая багатая і  самабытная беларуская культура.

Трансляцыю цырымоній адкрыцця і закрыцця свята  гледачы могуць убачыць на тэлеканале "Беларусь 3",  а таксама два дні прамых уключэнняў з  імправізаванай студыі.

Самыя яркія моманты свята - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

"Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх

родную мову", - пісаў Колас. Слова яднае, акрыяе і суцішае. Бо яно ад

роднай зямлі, што завецца Беларуссю. 30-ы год запар Дзень

беларускага пісьменства збірае творчых і натхнёных. Дагэтуль свята

ганарова сустракалі Полацк, Орша, Капыль, Слонім, Быхаў, Шчучын. Сёлета пачэсная роля стаць сталіцай Дня пісьменства выпала Гарадку.

Фестываль кнігі і прэсы, навукова-практычная

канферэнцыя "Гарадоцкія чытанні", чэлендж жаночай паэзіі, свята

славянскіх традыцый - сёння Гарадок уражвае не менш, чым Парнас, калі

туды трапіў ляснік Тарас.

А вось ён і сам  са стрэльбай за плячыма ідзе па цецерукоў.

Доўгі час паэма "Тарас на Парнасе" лічылася ананімным творам. Але ў

1973 годзе даследчыкам Генадзем Кісялёвым было даказана, што радкі,

поўныя народнай мудрасці і гумару, належаць ураджэнцу Гарадоччыны

Канстанціну Вераніцыну.

І сёння, у Дзень беларускага пісьменства, у Гарадку ў

памяць пра таленавітага земляка адкрыўся Вераніцынскі сквер са

скульптурай буквара і іншымі тэматычнымі выявамі, зробленымі студэнтамі

Беларускай акадэміі мастацтваў. Дарэчы, назву лакацыі выбралі самі

жыхары райцэнтра.

На памяць пра гарадоцкія ўрачыстасці – гашэнне

арыгінальнай маркі "Дзень беларускага пісьменства". Вядома, былі і

падарункі жыхарам сталіцы свята. Так, у Гарадку дзякуючы праекту

Прэзідэнцкага спартыўнага клуба "Спорт для ўсіх" з'явіўся запатрабаваны і дзецьмі, і дарослымі аб'ект: шматфункцыянальная пляцоўка са штучным пакрыццём і эфектыўнымі трэнажорамі.

Літаратурная спадчына і гістарычная памяць

Мір і стваральная праца, 80-годдзе вызвалення Гарадка ад

нямецка-фашысцкіх захопнікаў, культура і традыцыі паўночнага рэгіёна, а

таксама 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Маўра – юбілейнае свята па

тэматыцы глыбокае і шматграннае. У выставачных павільёнах найбольш

яркія кніжныя праекты, выдадзеныя ў гарадах, якія былі ў свой час сталіцамі Дня беларускага пісьменства. Так, Добруш прэзентуе творы паэтэсы Людмілы Яськовай.

Жывое беларускае слова гучала сёння падчас вечара

сямейнага чытання "Бацькоўскі дар". Беларускі саюз жанчын запрасіў да

ўдзелу ў літаратурнай сустрэчы сем'і з дзецьмі. Разам чыталі, разважалі,

дзяліліся ўражаннямі.

Свята роднага слова ў Гарадку працягваецца. На галоўнай сцэне ідзе ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства.

Трансляцыю цырымоніі вядзе тэлеканал "Беларусь 3". З хвіліны на хвіліну

раскрыецца галоўная інтрыга: будуць названы імёны лаўрэатаў

Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сёлета на конкурс было пададзена 68 кніжных праектаў. Журы выбрала 6 пераможцаў.