Нацыянальны цэнтр творчасці дзяцей і моладзі запрашае на дні адкрытых дзвярэй

6 сентября 2018

Праходзяць прэзентацыі калектываў, творчых майстэрняў і гурткоў па інтарэсах.

Выбраць занятак да спадобы могуць як дзеці дашкольнага ўзросту, так і выпускнікі.

Спіс магчымасцяў - у матэрыяле Наталлі Кузьміцкай. Вось ужо 5 гадоў запар гісторыю і культуру роднага краю гэтыя дзяўчынкі вывучаюць праз народныя спевы і танцы. Рэпертуар вакалісты аматарскага калектыву "Зорачка" папаўняюць падчас творчых экспедыцый: добра ведаюць музычныя асаблівасці розных рэгіёнаў краіны, традыцыі выканання народных спеваў і танцаў.

Выконваюць тут і эстрадныя песні. А на канцэртнай пляцоўцы адзін аднаго змяняюць народныя і сучасныя харэаграфічныя калектывы.

Увогуле, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі - міні-краіна, у якой нараджаецца і сталее дзіцячы талент.

Усе любяць глядзець мультыкі. На дзіцячай мультфабрыцы юныя аніматары спрабуюць сябе ў ролі сцэнарыстаў, рэжысёраў - ствараюць сваю пластылінаваю або маляваную гісторыю.

У пазаўрочны час дзеці рознага ўзросту могуць пазнаёміцца таксама і з разнастайнымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У студыі "Крынічка" вось ужо паўстагоддзя навучаюць валенню, роспісу па шкле, кераміцы.

Навучаць праяўляць сваю індывідуальнасць, трымацца на публіцы, быць упэўненым і ў подыум-школе.

Да канца тыдня ва ўсіх цэнтрах дзіцячай творчасці будуць ладзіцца дні адкрытых дзвярэй, каб кожны мог вызначыцца: пазнаёміцца з фэшн-індустрыяй, аддаць перавагу тэатральным падмосткам ці заняцца скрапбукінгам - і гэты навучальны год быў насычаным не толькі вучэбнымі, але і творчымі дасягненнямі.