Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі - адзіная ў краіне афіцыйная крыніца публікавання нарматыўных актаў

15 декабря 2018

Прававы форум Беларусі з 1 лютага наступнага года набудзе новы статус і стане афіцыйнай пляцоўкай для грамадскіх абмеркаванняў праектаў прававых актаў. На сёння Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі - адзіная ў краіне афіцыйная крыніца публікавання нарматыўных актаў. У цэлым, рэсурс мае да 1,5 млн. праглядаў за месяц.

Дарэчы, у гэтыя дні parvo.by спаўняецца 15 гадоў. У госці да юбіляра адправіўся Аляксандр Камовіч. Pravo.by, ЭТАЛОН, дзіцячы прававы сайт, прававы форум Беларусі. Гэтыя рэсурсы ўжо даўно знаёмыя шматлікім Беларусам. Будзь ты прафесійным юрыстам або проста чалавекам, які шукае інфармацыю прававога характару, НЦПІ Беларусі падкажа ўсё і нават больш.

Прававы партал на сённяшні дзень - адзіны ў краіне, дзе сабраныя ўсе прававыя рашэнні, якія прымаюцца ў Беларусі. Уся інфармацыя першапачаткова сцякаецца ў аддзел сістэматызацыі, дзе прафесійныя юрысты яе апрацоўваюць. Прычым з вялізным струменем звестак спраўляюцца ледзь больш як 10 чалавек.

Адзначым, што цэнтр мае ў сваім распараджэнні шырокі архіў дакументаў. Спецыялісты правялі рэвізію нарматыўных папер з 1917 года. Ад пастаноў наркамаў да рашэнняў Савета міністраў. Усе гэтыя паперы ўжо ў друкаваным выглядзе захоўваюцца ў самім цэнтры.

Дададзім, што бібліятэка архіўных дакументаў ёсць і на самім рэсурсе ў інтэрнэце. Тут можна знайсці і сапраўдныя архіўныя паперы. Напрыклад, мы можам увесці ў пошуку "Статут Вялікага Княства Літоўскага" і пачытаць арыгінальны тэкст у зыходным варыянце.

Вялікі слой працы выконвае аддзел інтэрнэт-рэсурсаў. Навіны прававой і юрыдычнай тэматыкі выходзяць штодня. За год тут размяшчаюцца каля 4 тысяч паведамленняў. Пры гэтым папулярнасцю такія навіны карыстаюцца і далёка за межамі нашай краіны.

Увесь працэс размяшчэння на партале - гэта складаны тэхналагічны ланцужок. Зрэшты, як адзначаюць у цэнтры, праца не спыняецца толькі на традыцыйных рэсурсах, а крочыць у нагу з часам. Інфармацыя прасоўваецца ў сацыяльных сетках, спецыяльных мабільных дадатках. У гэтай справе ключавы фактар - гэта людзі.

Акрамя таго, прама зараз на цэнтр ускладзеныя адразу некалькі важных задач. Гэта правядзенне юрыдычнай экспертызы тэхнічных нарматыўных актаў: стандартаў, кодэксаў, правілаў. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі, а менавіта: стварыць умовы для паспяховага развіцця прадпрымальніцтва. Акрамя таго, з 1 лютага 2019 года прававы форум Беларусі, які вядзе цэнтр, стане афіцыйнай пляцоўкай для грамадскіх абмеркаванняў праектаў прававых актаў.