Нагадваем асноўныя правілы бяспекі пры наведванні лясоў

25 сентября 2023

У лясах зараз час збору грыбоў. Каб ціхае паляванне прайшло без форс-мажораў, варта памятаць асноўныя правілы бяспекі: пры сабе абавязкова мець зараджаны тэлефон, запас пітной вады і неабходныя лекі, варта прадумаць і лясны "дрэс-код".

Падрабязная інструкцыя для аматараў-грыбнікоў ёсць у ратавальнікаў і ляснічых. Між тым, толькі за гэтыя выхадныя ў Мінскай вобласці тры чалавекі не змаглі самастойна выйсці з гушчару. Ім спатрэбілася дапамога. Рэпартаж Аляксандры Гойтан.

Ураджай восеньскага лесу Аляксандр Касціневіч збірае з 10 гадоў. Шчодрыя паляны Барысаўскага раёна мужчына ведае дасканала. З дзяцінства грыбнымі маршрутамі хадзіў разам са сваім татам. На ціхае паляванне выходзіць і цяпер. Аляксандр ведае не па чутках: нават у добра вядомым лесе можна заблукаць у гушчары.

Аляксандр Касціневіч, жыхар г. Барысава:

Я не панікаваў, проста выйшаў на дарогу і ішоў прама. У тойчас не было ні смартфонаў, ні GPS. Потым людзей сустрэў, спытаўся, у якім напрамку вёска, і мне падказалі.

Каб азартны ягадна-грыбны спорт не аказаўся гульнёй у хованкі, варта памятаць простыя правілы бяспекі. Разам з азбукай ядомых грыбоў Аляксандр Касціневіч склаў для сябе жыццёва важны лясны этыкет.

"Трэба апранаць яркую вопратку. Узяць з сабой перакус, у мяне, напрыклад, яблык, бутэрброды. Ваду трэба ўзяць абавязкова. Без смартфона нікуды, у ім ёсць GPS. Бяру яшчэ ліхтарык", - расказаў грыбнік са стажам.

Ціхаму паляванню спрыяе сонечная і лагодная восень. Толькі за выхадныя ў Мінскай вобласці ў лясных масівах адшукалі траіх чалавек. А з пачатку сезона ў цэнтральным рэгіёне дарогу дадому не змаглі самастойна знайсці больш за 40 грыбнікоў, у тым ліку чацвёра дзяцей.

Максім Ермачонак, намеснік начальніка Барысаўскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях:

Калі губляюцца дзеці, мы аб'яўляем збор асабовага складу гарнізона. У Барысаве гэта 200 чалавек. Леснікоў у першую чаргу падключаем, таму што яны больш арыентуюцца па кварталах, па лясах.

"У нас ёсць усе планы насаджэнняў, у асноўным мы ведаем усе сцяжынкі. У нас вялікі састаў лясной аховы. Перад тым як ісці ў лес, трэба паведаміць сваім блізкім сваякам, куды ты ідзеш", - адзначыў галоўны ляснічы Валожынскага лясгаса Мікалай Рудовіч.

Першымі на дапамогу людзям, якія заблукалі, выязджае найбліжэйшае падраздзяленне МНС. Калі работа зацягваецца, адмысловы штаб у палявых умовах разгортваюць байцы пошукава-выратавальнага атрада.

На пошуку людзей у лесе задзейнічаны як пешыя групы, так і больш мабільныя каманды. Узімку на снегаходах, летам і восенню на квадрацыклах. Прадугледжана гукавое і светлавое абсталяванне. У тым ліку на моцны кліч электронных памочнікаў тыя, хто заблукаў, самастойна выходзяць з лясной заслоны.

У арсенале ратавальнікаў цеплавізары, GPS-трэкеры, светлавыя мачты, якія дапамагаюць шукаць людзей у прыцемках ці шчыльных лясах.

Максім Ермачонак, намеснік начальніка Барысаўскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях:

Самае галоўнае не панікаваць, не спрабаваць камусьці тэлефанаваць, таму што ўсе гэтыя званкі толькі разраджаюць тэлефон. Лепш адразу набіраць МНС. І мы ўжо з вамі звязваемся і вызначаемся з пошукамі і каардынатамі.

Шукаць даводзіцца не толькі аматараў збіраць лясныя дары, а і тых, хто вырашыў скараціць дарогу праз гушчар ці проста выйшаў на прагулку. Элементарныя правілы бяспекі дапамогуць атрымаць асалоду ад вандровак па восеньскіх узлесках і захаваць жыццё.