Падатковая выявіць канверты

15 августа 2013

Міністэрства мае намер зрабіць больш жорсткай адказнасць за выплату зарплат у канвертах. Штогод ад такіх схем бюджэт недаатрымлівае да 200 мільярдаў рублёў падаткаў. Але сабраць доказы такіх парушэнняў вельмі складана. Бо калі наёмны работнік заявіць аб выплаце яму неафіцыйнай зарплаты, то менавіта ён, работнік, а не наймальнік абавязаны будзе выплаціць падаходны падатак. Зразумела, што караць самога сябе рублём ахвотнікаў мала. Падатковая хоча ліквідаваць дадзеную праблему, разлічваючы, што тады выяўленых фактаў неафіцыйных зарплат стане значна больш.


Падрабязнасці ў Наталлі Кузьміцкай.

Суадносіны так званых белых і шэрых зарплат у Беларусі паступова змяняюцца на карысць першых. Тым не менш некаторыя нядобрасумленныя прадпрымальнікі, імкнучыся мінімізаваць сваю падатковую базу, усё ж выкарыстоўваюць даволі вядомую канвертную схему.


Ухілісты не толькі ашукваюць дзяржаву, але і пагаршаюць сацыяльнае забеспячэнне сваіх супрацоўнікаў. Бо ад памеру афіцыйнай зарплаты залежыць і памер будучай пенсіі, і аплата бальнічных лістоў, у тым ліку па цяжарнасці і родах.


Раскрыць шэрую схему без удзелу саміх работнікаў практычна немагчыма. Калі наёмны работнік заяўляе аб выплаце яму неафіцыйнай зарплаты, то абавязак па выплаце падаходнага падатку ўскладваецца на яго, а не на работадаўца, таму супрацоўнікі падатковай службы прапаноўваюць унесці змяненні ў заканадаўства, якія ўскладвалі б адказнасць за няправільную зарплату на тых, хто яе плаціць, а не на тых, хто яе атрымлівае. А таксама раздзяліць абавязкі па фарміраванні адлічэнняў у фонды сацыяльнай абароны паміж работнікам і наймальнікам.


Спыненне практыкі выплаты зарплаты ў канвертах, удзел абсалютна ўсіх суб'ектаў гаспадарання ў фарміраванні прыбытковай часткі бюджэту - асноўныя пасылы законапраекта, што рыхтуецца. І цікавасць да дакумента не толькі дзяржаўнага характару, бізнес-супольнасць нямала зацікаўлена пакараць тых, хто ўхіляецца ад выплаты падаткаў, і тым самым фарміруе няроўныя канкурэнтныя перавагі на рынку тавараў і паслуг.