Налібоцкі край багаты на таленавітых і цікавых людзей

5 августа 2021

Адмысловыя захапленні з мясцовым каларытам. Налібоцкі край багаты на таленавітых і цікавых людзей. Так Мар'ян Янушкевіч з вёскі Мешычы збірае і рэстаўрыруе старажытныя рэчы розных эпох. Да захавальніка гісторыі і рарытэтаў у госці трапіла Ларыса Гулякевіч.

Мы апынуліся ў вёсцы Мешычы Стаўбцоўскага раёна, дзе збіраюцца ў народным музеі старадаўнія цікавыя рэчы.

Жорны, калаўроты, прасы, саламяныя скрыні, тканіна і розныя дробязі. Цэлая экспазіцыя аўтэнтычных рэчаў мінулых часоў беларускага селяніна. Гаспадар - Мар'ян Янушкевіч - каля 15 гадоў збірае свой скарб па зямлі беларускай.

Калекцыянер ці захавальнік старадаўніх рэчаў на ролю этнографа не прэтэндуе. Аднак любоў да розных старажытных і рэдкіх рэчаў у Мар'яна з дзяцінства.

З аднаго боку гэта склад для музеяў народнага побыту, з іншага – нібыта крама канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзя, дзе можна было набыць сувоі, покрыва з розных рэгіёнаў, а таксама карункі ручной работы і пласцінкі для патэфона.

Уладальнік рарытэтаў з павагай ставіцца да мінулых часоў і пакаленняў людзей, якія валодалі і карысталіся гэтымі рэчамі.

Старадаўняя мэбля таксама чакае сваіх новых гаспадароў. Асаблівую каштоўнасць у яго калекцыі займае шафа з чырвонага дрэва 60-х гадоў 19 стагоддзя, за якой Мар'ян ганяўся некалькі гадоў.

Яшчэ адно захапленне ў майстра – праектаванне і будаўніцтва старажытных панскіх брычак. Стылізаваныя пад даўніну сёння яны дадаюць каларыту падчас розных народных свят і вяселляў.

Сяргей Беленькі, уладальнік аграсядзібы:

Цікавы чалавек - пан Мар'ян, які займаецца старажытнымі рэчамі, дае ім другое жыццё, сам робіць вельмі цікавыя рэчы: брычкі, сані, чаго ўжо ніхто на Беларусі і не робіць, таксама збірае такія старажытныя рэчы, якія служылі гадамі і стагоддзямі нашым продкам, недзе яшчэ і нашы бацькі засталі. Пра такіх як Мар'ян Янушкевіч кажуць - на ўсе рукі майстар. Працаваў токарам, вадзіцелем, зараз займаецца любімай рамесніцкай дзейнасцю - збірае, рамантуе і рэстаўрыруе бытавыя рэчы ды прылады, якія людзі самі аддаюць падчас яго творчых камандзіровак. Многія сабраныя ім рэчы з'яўляюцца экспанатамі музейных экспазіцый у Строчыцах, Івянцы і Валожыне.