Узнагарода выратавала салдата ад смяротнай кулі

7 мая 2015

На заключным этапе вайны, калі акупаваныя тэрыторыі Беларусі вызваляліся, многія нашы землякі папаўнялі рады Чырвонай арміі, партызаны аб'ядноўваліся з фронтам. Страляць з кулямётаў на шляху да Берліна давялося нават дзяўчатам.

Гісторыі аб тым, як узнагарода выратавала салдата ад смяротнай кулі, і што дапамагло зенітчыцы вытрымаць цяжар вайны - у рэпартажы Вікторыі Патоні.

Іван Зышчук, унук ветэрана Вялікай Айчыннай вайны: "Пасля падпісання акта аб капітуляцыі не ўсе ведалі, што вайна скончылася. Яшчэ дзейнічалі разрозненыя групы. У адзін з дзён мой дзядуля надзеў ордэн з левага боку. Раздаўся выстрал, і куля трапіла менавіта ў гэту частку. Цэлілі ў сэрца. Ён выратаваў яму жыццё".

Гэту ўзнагароду нашчадкі ветэрана Андрэя Хвалько захоўваюць як сямейную рэліквію. Ордэн Чырвонай Зоркі выратаваў жыццё не проста аднаму чалавеку, а цэламу роду.

Іван Зышчук, унук ветэрана Вялікай Айчыннай вайны: "Мы даведаліся, што там было знішчана больш за 10 салдат і афіцэраў. Пры спробе контратакаваць нашы парадкі агнём свайго кулямёта ён прымусіў іх уцякаць. І падпісана начальнікам штаба, што годны ордэна Чырвонай Зоркі. Загад быў выдадзены 8 мая 45 года ў Берліне".

Свой шлях да Перамогі Андрэй Хвалько пачынаў падлеткам. Спачатку ў партызанскім атрадзе ў камянецкіх лясах, потым у радах 1-га Беларускага фронту. Вызваляў Варшаву, дайшоў да Берліна, быў паранены.

Усяго на франтах Вялікай Айчыннай ваявалі амаль паўтара мільёна беларусаў. Немцы, пакідаючы акупаваныя тэрыторыі, рабілі ўсё, каб пазбавіць савецкую армію рэзерву.

Менавіта таму асабліва ў апошні год вайны ў рады Чырвонай арміі ўсё часцей прызывалі жанчын. Але і яны ваявалі і рызыкавалі цаной уласнага жыцця.

Восенню 44-га, калі вёску ўжо вызвалілі, з Вулькі Радавецкай у рады Чырвонай арміі мабілізавалі адразу пяцярых дзяўчат. Ім было крыху больш за 20. Давялося надзець салдацкую форму, асвоіць ваеннае рамяство і ўбачыць жахі вайны не толькі ў тыле, але і на фронце.

Адна з іх - зенітчыца Ганна Міхнюк. Гаворыць, што сама не ведае, як вынесла цяжар вайны на слабых плячах. Навучылася збіраць і разбіраць вінтоўку, адрозніваць свае і варожыя самалёты. Баявое хрышчэнне прайшла пад Кёнігсбергам. Ведала, што трэба асцерагацца забітых немцаў з вялікімі наручнымі гадзіннікамі - яны замініраваныя. 34-ы зенітна-кулямётны полк ахоўваў мост цераз Віслу ў Польшчы, кулямётчыцы бесперапынна неслі баявое дзяжурства, пакуль фронт набліжаўся да Берліна.

Сёння Ганна Міхнюк - адзіны ветэран вайны ў сваёй вёсцы. Дзень Перамогі па традыцыі сустрэне сярод самых блізкіх людзей, якія ўдзячныя ёй за мужнасць і стойкасць, за 70-ю мірную вясну.