На выставе "Анталогія прыгажосці" сабрана калекцыя беларускай наміткі

10 октября 2023

Рэтраспектыва - толькі ўжо не ў побытавых рэчах, а ў нацыянальным  касцюме - на выставе "Анталогія прыгажосці", дзе сабрана калекцыя беларускай наміткі. Традыцыйны галаўны ўбор насілі ў былыя часы беларускія жанчыны, за што іх называлі  "белагаловымі".

Доўгае палатно з выбеленага лёну мудрагеліста закручвалася, было святочным і будзённым, па ім можна было "чытаць" сямейны статус жанчыны і яе прыналежнасць да пэўнага рэгіёна. Спосабаў навівання наміткі было таксама дзясяткі.  Імі сёння валодаюць адзінкавыя спецыялісты. Наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская ўзяла майстар-клас у адной з лепшых знаўцаў старажытнага мастацтва наміткі! 

Ніякіх незаплеценых валасоў! Калі сучасныя жанчыны носяць расплеценымі доўгія косы амаль да сталасці, то ў нашых продкаў гэта было проста немагчыма! Выйшла замуж - хадзі з пакрытай галавой. І да пачатку 20-га стагоддзя - традыцыйным галаўным уборам  для беларусак была намітка. Прычым, у кожным рэгіёне - свая: і па памеры, і па арнаменце, і па мудрагелістай тэхналогіі завівання. Знаўца старадаўніх законаў наміткі -  Марыя Віннікава - дае майстар-клас, як "накручваць" "ільняную карону" па-старадарожску! 

Урок наміткі праходзіць у Музеі старажытнабеларускай культуры. Тут цэлая калекцыя каптуроў, з якіх пачыналася навіванне. Чапцы - ва ўсёй рэгіянальнай разнастайнасці. Як і наміткі: вось, старадарожская - малюнак на абодвух канцах  палатна розны.

УМузеі старажытнабеларускай культуры каля сотні адзінак народнага строю. Толькі частка захоўваецца ў стацыянарнай экспазіцыі. Больш за 20 камплектаў установа перадала для выставы-анталогіі народнага касцюма ў Нацыянальны мастацкі музей. Некалькі экзэмпляраў упрыгожылі экспазіцыйную залу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Пабывалі "бабульчыны" строі і ў Вялікім тэатры Беларусі. Карацей кажучы, народныя касцюмы музея шмат падарожнічаюць. 

Народны касцюм - гэта модна. І многія яго элементы сёння дадаюць у сучасны строй. Ёсць  кашулі "а-ля" этна. Але, ёсць і аўтэнтычныя - касцюмы, якім вякі, стагоддзі, якія насілі нашы продкі і менавіта такая калекцыя захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры.

Сёння акцэнт  зроблены на аўтэнтыку наміткі. Вось другі ўзор рушніковага галаўнога ўбору - Марыя Віннікава навівае палатно па-маларыцку. 

Зрэшты, усе наміткі на манекенах маштабнай выставы "Анталогія прыгажосці" ў галоўным музеі краіны - таксама навівала Віннікава.

Частка старадаўняга  гардэробу і абярэг. Намітка. Музейны экспанат і - рэч, якая па-сённяшні дзень у аб'ектыве ўвагі навукоўцаў. Ім яшчэ шмат трэба расшыфраваць.