На сувязі Агенцтва тэленавін ад стэлы "Мінск - горад-герой"

3 июля 2016

Добрай раніцы! Агенцтва тэленавін прадаўжае інфармацыйнае вяшчанне з цэнтра Мінска, ад стэлы "Мінск - горад-герой", дзе вось-вось пачнецца парад Мінскага гарнізона ў гонар Дня Незалежнасці. (прамое ўключэнне)

Нагадаем, што сёння мы працуем у такім незвычайным фармаце, бо жадаем максімальна аператыўна і ярка распавесці вам як, з якім настроем праходзіць галоўнае дзяржаўнае свята краіны. Ну і заўсёды прасцей расказаваць пра нешта, убачыўшы гэта сваімі вачамі. У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні і падзеі, якія становяцца пунктам адліку новага этапу ў гісторыі краіны і выклікаюць найвышэйшы духоўны ўздым і яднанне ўсіх грамадзян. Для нас такой вяхой з'яўляецца Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Менавіта гэтая гістарычная дата па волі беларусаў стала Днём Незалежнасці, звязаўшы разам такія словы, як Свабода і Незалежнасць. Незалежнасць дасталася беларусам нялёгкай цаной, абараніць яе дапамаглі бяспрыкладную мужнасць і гераічнасць, праяўленыя ў гады вайны, працавітасць нашых людзей і цвёрдая дзяржаўная пазіцыя.

Да незалежнасці імкнуліся многія пакаленні. Ім прыйшлося перажыць цяжкія этапы. І сёння ў нас ёсць унікальная магчымасць жыць у незалежнай краіне, якая самастойна вызначае прыярытэты развіцця, унутраную і знешнюю палітыку. Гэтым можна ганарыцца і варта шанаваць.