На беларуска-літоўскай мяжы шматкіламетровыя чэргі грузавікоў

22 октября 2018

Сапраўды, любое рашэнне патрабуе ўзважанага падыходу. Разгледзець усе аспекты і ўлічыць інтарэсы людзей - вось галоўнае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы, мабыць, у любым пытанні. Але ёсць сітуацыі, што завецца, патавыя. Калі нюансы ўлічаныя, пралічаныя, але жаданне асобных прадпрымальных людзей сэканоміць дыктуе дадатковыя ўмовы. Так, розніца ў цане на паліва ў нас і ў суседзяў з аднаго боку абараняе беларускага аўтааматара, з другога - не першы год стварае пабочную праблему – вялікай колькасці машын на мяжы.

Так, на беларуска-літоўскай мяжы выстраіліся шматкіламетровыя чэргі грузавікоў. Каля тысячы фур чакаюць дазволу на ўезд на сумежную тэрыторыю. Прычыны транспартнага калапсу ў першую чаргу звязваюць з жаданнем перавозчыкаў сэканоміць. Справа ў тым, што ў Літву можна завезці значна больш паліва, чым, напрыклад, у Польшчу. Акрамя таго, у кастрычніку назіраецца традыцыйны рост таварапатоку, а значыць, больш грузавых аўтамабіляў на мяжы. У сітуацыі разбіраўся наш гродзенскі ўласны карэспандэнт Юрый Карняловіч.

У пункце пропуску "Прывалка" на беларуска-літоўскай мяжы чарга з грузавых аўтамабіляў стала фарміравацца яшчэ ў пачатку выхадных. Сёння тут ужо сабралася каля 220 цяжкагрузаў.

Каб толькі заехаць у сам пункт пропуску, вадзіцелям-дальнабойшчыкам прыходзіцца чакаць як мінімум двое сутак. Але і пасля афармлення ўсіх дакументаў беларускія мытнікі не даюць гарантыі на хуткае перасячэнне мяжы. Пропуск на сумежную тэрыторыю службы суседняй краіны ажыццяўляюць усяго па некалькі аўтамабіляў за гадзіну.

Паўплываць на працу літоўскіх калег беларускія мытнікі не могуць. Таму афармляць дакументы прыходзіцца, што называецца, у паўсілы.

І такая сітуацыя ва ўсіх пунктах пропуску на беларуска-літоўскай мяжы. Каля тысячы грузавікоў чакаюць сваёй чаргі на выезд з нашай краіны. Прычыны, адзначаюць супрацоўнікі мытні, не толькі ў павольнай працы літоўскіх калег. У кастрычніку традыцыйна назіраецца павелічэнне грузапатоку. Ды і самі перавозчыкі наўмысна выбіраюць літоўскі кірунак, каб сэканоміць на паліве.

Такая ж сітуацыя і на беларуска-латвійскім кірунку. У двух міжнародных пунктах пропуску чарга з грузавікоў налічвае 360 аўтамабіляў. Праўда, гэта звязана са збоем у праграмным забеспячэнні на сумежным боку. Пры гэтым пераходы ў польскім кірунку практычна пустыя. Вырашыць транспартны калапс на мяжы абяцаюць ужо ў найбліжэйшыя два-тры дні.