"Мы зрабілі гэта разам". Палац Рэспублікі

9 сентября 2015

Мы працягваем расказваць аб знакавых праектах апошніх двух дзесяцігоддзяў Незалежнай Беларусі. Сярод іх - Палац Рэспублікі. Роўна 30 гадоў таму ў Мінску пачалася будоўля пад нумарам адзін. Па рашэнні партыйных вярхоў з Масквы новы Палац з'ездаў у цэнтры беларускай сталіцы павінен быць шматфункцыянальным і з самым сучасным начыннем на той час. Аднак грандыёзны праект закансервавалі і ўспомнілі аб ім толькі ў сярэдзіне дзевяностых. Сёння гэта цэнтр палітычнага і сацыяльнага жыцця краіны. Такім чынам, Палац Рэспублікі ў чарговай серыі праекта "Мы зрабілі гэта разам".

Сярэдзіна сямідзесятых мінулага стагоддзя! Мінск па рашэнні палітычных вярхоў Масквы атрымлівае права на будоўлю нумар адзін. Палац з'ездаў павінен стаяць у цэнтры беларускай сталіцы і адказваць усім сучасным патрабаванням таго часу. За права ўнесці сваё імя ў гісторыю змагаюцца адразу два інстытуты "Мінскпраект" і "Белдзяржпраект" - перамагае апошні. Лепшыя архітэктары і канструктары краіны прапаноўваюць самыя смелыя варыянты манументальнага будынка. Мала хто ведае, Палац Рэспублікі ледзь не заняў месца ля стэлы "Мінск - горад-герой", але ў апошні момант усё-такі вырашылі ад гэтай ідэі адмовіцца. У 1985 годзе на Кастрычніцкай плошчы з'яўляецца першая будаўнічая тэхніка.

У пачатку дзевяностых Краіна Саветаў распадаецца, і аб будоўлі забываюць. Саркафаг - так тады жартам звалі мінчане вялізны катлаван у цэнтры горада. У рэанімацыю ніхто не верыў - аж да 1995 года.

На тое, каб здаць зараз ужо не Палац з'ездаў, а Палац Рэспублікі,

у эксплуатацыю будаўнікам адводзяць два гады. Тады загучалі галасы: гэта не рэальна. Звычка працаваць па савецкіх ДАСТах яшчэ жыла ў розумах людзей, аднак новы Палац Рэспублікі павінен быў стаць сімвалам адраджэння маладой і незалежнай краіны. Першыя наведвальнікі сюды прыходзяць ужо ў 1997 годзе.

Палац Рэспублікі здаюць у эксплуатацыю ў тры этапы. Цалкам новы комплекс з пяццю заламі, мастацкай галерэяй, прэс-цэнтрам, кафэ і раскошнымі вестыбюлямі здаюць у эксплуатацыю ў 2001. Але ўжо за год да гэтага тут праводзяць мерапрыемства самага высокага ўзроўню - сустрэчу лідараў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Архітэктарам і канструктарам атрымліваецца не проста ўдала ўпісаць будынак у цэнтр сталіцы, але і стварыць шматфункцыянальны комплекс з самым сучасным начыннем. Роўных яму на ўсёй постсавецкай прасторы няма. Падкупляе і тое, што дырэкцыяй Палаца Рэспублікі на фанаграму для артыстаў тут накладзеная забарона - спяваць на галоўнай дзяржаўнай сцэне можна толькі ўжывую.

Святло і акустыка вялікай залы дзівяць не толькі першых гледачоў, але і музыкантаў з сусветным імем. Адным з першых на сцэну выходзіць Эрас Рамазоці. Шоу артыста заўсёды вызначаецца размахам і тэхнічным эксклюзівам. Але нават ён не выкарыстаў і палову таго, на што здольная сцэна. За лічаныя хвіліны яна трансфармуецца ў трыццаць дзве розныя пляцоўкі на выбар, патрэбен басейн - калі ласка.

Адначасова ў Палацы Рэспублікі могуць адпачываць і працаваць каля сямі тысяч чалавек. І кожны з іх будзе сябе адчуваць камфортна. Напрыклад, каб правільна наладзіць сістэму вентыляцыі, быў пабудаваны макет будынка і на ім праводзілі тэсты. Акрамя таго, будынак адпавядае самым высокім нормам бяспекі - сістэма пажаратушэння не толькі своечасова паведаміць аб небяспецы, але і пакажа месца ўзгарання.

П'ер Рышар, Ванеса Мэй, Эмір Кустурыца, Патрысія Каас выбіраюць менавіта гэтую пляцоўку для сустрэчы з беларускім гледачом. Канструкцыя Палаца Рэспублікі ўнікальная і адзіная ў сваім родзе. Выкананы ў старажытнагрэчаскім стылі, з апорнымі калонамі па перыметры, ён прыцягвае да сябе ўвагу турыстаў і гасцей горада.

Палац Рэспублікі не раз станавіўся пляцоўкай афіцыйных перамоў - але акрамя гэтага, ён - ужо па традыцыі - цэнтр сацыяльнага жыцця вялікага горада. Тут сустракаюць паслоў, віншуюць нашых малых з Новым годам і ўзнагароджваюць пераможцаў фэстаў і конкурсаў. Палац, які адрадзіўся ў такі цяжкі для беларусаў час, стаў за па сапраўднаму народным палацам незалежнай і моцнай рэспублікі.