Моладзевую практыку летась у Беларусі прайшлі больш за паўтысячы маладых спецыялістаў

7 февраля 2016

Гэта адзін з напрамкаў дзяржпраграмы занятасці насельніцтва, калі выпускнікі ВНУ без вопыту працы праходзяць стажыроўку ў кампаніях і ў гэты ж час атрымліваюць зарплату. Ці ёсць шанц стаць штатным супрацоўнікам пасля заканчэння практыкі?

Усе падрабязнасці ў Наталлі Тарасюк.

Дапамагчы выпускніку знайсці працу - задача "Моладзевай практыкі" вось ужо 17 гадоў. Гэта адзін з напрамкаў дзяржпраграмы занятасці насельніцтва, дзякуючы якому толькі за апошнія два гады працаўладкаваліся амаль паўтары тысячы маладых спецыялістаў. Працуе "Моладзевая практыка" наступным чынам: выпускнік не проста праходзіць стажыроўку, але і атрымлівае заработную плату.

Сёлета са студзеня мінімальная зарплата - 2 мільёны 300 тысяч. Зразумела, заробак маладога спецыяліста гэтай сумай не абмяжоўваецца. Важна праявіць сябе на месцы практыкі.

Праграма разлічаная не толькі на выпускнікоў універсітэтаў, але і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, ПТВ і нават беспрацоўных, якія прайшлі прафадукацыю. Пры гэтым форма навучання - бюджэт або платная - ролі не адыгрывае. Каб прайсці практыку, трэба толькі зарэгістравацца ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацабароне па месцы жыхарства. Важны момант: маладому спецыялісту павінна быць не больш за 31 год.

Такая практыка ў маладога спецыяліста можа доўжыцца максімум 6 месяцаў, але ёсць і выключэнні. У кампаніях і на прадпрыемствах, размешчаных у сельскай мясцовасці і малых гарадах, выпускнік ВНУ можа набірацца вопыту на працягу года. Адзначым, што працу ўжо на пастаяннай аснове працягваюць больш чым 40 % практыкантаў.