Мінчане і госці сталіцы змогуць акунуцца ў гісторыю

4 сентября 2014

Мінчане і госці сталіцы літаральна з галавой змогуць акунуцца ў гісторыю. На знакавым для Мінска месцы - скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў - вырасце старажытны горад. Асаблівую атмасферу свята створаць некалькі соцень ратнікаў. Па словах арганізатараў фестывалю Мінск старажытны, госці змогуць пазнаёміцца з гісторыяй горада апошніх дзесяці стагоддзяў. На суд гледачоў будзе прапанаваная насычаная падзеямі праграма: конны рыцарскі турнір, спаборніцтвы лучнікаў, рыцарскія бугурты, штурм замка, рэканструкцыі бітваў 1812 года, Першай і Другой сусветных войнаў.


Ігар Усенка, рэжысёр-пастаноўшчык гістарычнага фестывалю Мінск старажытны: Калі наогул успамінаць беларускую гісторыю (паглядзіце і на Аповесць мінулых гадоў і Слова аб палку Ігаравым), там усюды гаворка ідзе пра тое, што ў гэтых мясцінах былі бітвы. У беларусаў за апошнія 10 стагоддзяў нястомна тут была барацьба за саміх сябе, бо Мінск за сваю гісторыю руйнаваўся больш як 10 разоў. Гэта значыць наша гісторыя вельмі багатая на падзеі.


У знакавы для Беларусі год - 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх войскаў - гістарычнаму фестывалю надаецца асаблівае значэнне. Ключавым момантам стане хвіліна маўчання - у гонар абаронцаў нашай зямлі, што загінулі за 10 апошніх стагоддзяў. Нагадаем, фестываль Мінск старажытны праводзіцца трэці раз. Сёлета ён атрымае міжнародны маштаб. У свяце возьмуць удзел гістарычныя клубы Беларусі і краін-суседак. Завершаць грандыёзнае шоу канцэрт і феерверк. Свой дзень нараджэння сталіца адзначыць 13 верасня.