"МЗС Беларусі: Жыццям беларускіх турыстаў, якія пацярпелі ў ДТЗ у Барселоне, нічога не пагражае

14 сентября 2016

Мы працягваем сачыць за навінамі з Барселоны, дзе сёння раніцай перавярнуўся аўтобус з турыстамі. Пацярпелі 24 чалавекі, трое з іх у цяжкім стане. Паводле звестак іспанскай газеты "Эль Мунда", у салоне знаходзіліся грамадзяне 7 краін. Сярод іх і трое беларусаў.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Мы неадкладна падключылі да ўдакладнення інфармацыі, апублікаванай іспанскімі СМІ, наша пасольства ў Парыжы, якое таксама акрэдытавана ў Іспаніі. Консульскія супрацоўнікі звязаліся з камітэтам па бяспецы мэрыі Барселоны, і кіраўнік камітэта паведаміў, што пасля дадзенага дарожна-транспартнага здарэння ў клініку былі дастаўлены тры грамадзяніны Беларусі. Усе яны пасля першага медыцынскага агляду пакінулі лячэбную ўстанову, каб прадоўжыць сваю паездку".

Вядома, што аўтобус ехаў з аэрапорта Эль-Прат у каталонскую сталіцу. Паводле папярэдніх звестак, вадзіцель не справіўся з кіраваннем з-за моцнага дажджу.