Медаль "За абарону Савецкага Запаляр'я" праз 71 год

18 ноября 2015

Праз 71 год медаль "За абарону Савецкага Запаляр'я" ўручылі ветэрану Вялікай Айчыннай Мікалаю Кірычэнку. Падчас вайны ён служыў сувязістам у Мурманску і па выпадковым збегу акалічнасцяў застаўся тады без заслужанай узнагароды. Зусім нядаўна знайшоўся ўзнагародны ліст. Рэпартаж Вольгі Халадовіч.

На яго кіцелі дзясяткі медалёў. Але аднаго ўсё ж не хапала. І толькі зараз ветэран вайны Мікалай Кірычэнка даведаўся - знойдзены яго ўзнагародныя дакументы на медаль "За абарону Савецкага Запаляр'я".

Медаль "За абарону Савецкага Запаляр'я" павінна была стаць першай ваеннай узнагародай радавога Мікалая Кірычэнкі. Але па збегу акалічнасцяў знайшла свайго героя праз 71 год.

Тады ў Мурманску Мікалая Кірычэнку разам з аднапалчанамі адправілі на нарыхтоўку рыбы, у часць ён вярнуўся толькі праз паўтара месяца.

Ён папрасіўся на фронт добраахвотнікам у 17 гадоў, служыў спачатку ў Паволжы, а потым на Кольскім паўвостраве. Быў паранены, але пра гэта Мікалай Кірычэнка гаварыць не любіць. Падкрэслівае - тады не думалі пра небяспеку, проста ўсе разам ваявалі за перамогу.

Па пошуку страчаных дакументаў была прароблена вялізная праца. Медаль ветэрану ўручылі хоць і дома, але ва ўрачыстай абстаноўцы.

Марыя Данец, аташэ пасольства Расіі ў Беларусі: "У апошнія гады Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі, цэнтральным архівам у горадзе Падольску праведзена вялізная праца па алічбоўцы дакументаў, таму створаны сайт "Подзвіг народа", дзе кожны можа даведацца аб узнагародах сваіх бацькоў, дзядоў і іншых сваякоў".

Медаль "За абарону Савецкага Запаляр'я" ўручалася байцам самага паўночнага фланга савецка-нямецкага фронту. Вайна прыйшла сюды ў чэрвені 1941-га, немцы планавалі разгром савецкіх войскаў, захоп Мурманска і потым усяго Кольскага паўвострава. Савецкія салдаты ворага не прапусцілі.

Пасля вайны Мікалай Кірычэнка аднаўляў гарады. Пераехаў у Мазыр. Будаваў нафтаперапрацоўчы, працаваў на заводзе "Мазырсоль". Гаворыць, на яго вачах расла і развівалася сталіца беларускага Палесся. Ветэран упэўнены, менавіта тут ён адзначыць свой 100-гадовы юбілей.