Масленічны тыдзень праходзіць у сталіцы

10 марта 2016

Кульмінацыяй стануць суботнія гулянні ва ўсіх раёнах Мінска. А сёння смачнае развітанне з зімой ладзілі ў студэнцкім дворыку БДУ. Там пяклі бліны, вадзілі карагоды і па традыцыі палілі чучала. Самыя спрытныя спаборнічалі ў перацягванні каната, выпрабоўвалі свае сілы на масленічным слупе. Юлія Токар далучылася да праводзінаў зімы.

Развіталіся з зімой і сустрэлі вясну! "Масленіца" ў студэнцкім дворыку БДУ па традыцыі была шчодрай і вясёлай. Усе з задавальненнем частаваліся блінамі, а рэктар універсітэта Сяргей Абламейка ўвогуле даў кулінарны майстар-клас па выпяканні румяных аладак.

Галоўны пачастунак свята, канечне, бліны. З джэмам, смятанай, сырам… Начынкі - на любы густ.

Забавы і карагоды - абавязковыя атрыбуты масленічных гулянняў. Праўда, сёння выпрабаваць сваю фізічную сілу рызыкнулі далёка не ўсе. Перацягванне каната, спаборніцтва па гіравым спорце, а самым спрытным прапаноўвалі пераадолець амаль дзесяціметровы слуп. Андрэю Козыраву гэта ўдалося.

Катанні на сялянскай фурманцы і майстар-класы. Аздабленнем свята сталі вытанчаныя ўпрыгажэнні, дэкаратыўныя паштоўкі і распісны посуд - усё - выключна студэнцкія працы. А прафесійныя артысты - жанглёры і атлеты - прадэманстравалі сваё майстэрства.

Сёння тут ладзяцца розныя гульні. Моладзь разам са скамарохамі і пераапранутымі водзяць карагоды вакол чучала. Якое напрыканцы свята спаляць, як сімвал пачатку вясны.

Шчодрая Масленіца будзе шумець у Мінску да канца тыдня! Самыя масавыя гулянні пройдуць у суботу ва ўсіх раёнах сталіцы. А конкурс на самы вялікі і смачны блін чакае аматараў румяных на кірмашы ля Палаца спорту.