М. Орда: Разбурыць прамысловасць Беларусі ў заходніх палітыкаў не атрымаецца

27 октября 2021
Разбурыць прамысловасць Беларусі ў заходніх палітыкаў не атрымаецца. Аб гэтым сёння заявіў Міхаіл Орда на прадпрыемстве "Агат". З снежня мінулага года яно знаходзіцца пад пазапраўнымі санкцыямі Еўрасаюза. Як падкрэсліў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў,  паводле задумкі еўрапейскіх чыноўнікаў працаўнікі завода - а гэта каля 700 чалавек - адны з першых павінны былі застацца без працы. Менавіта на гэта - спыненне прадпрыемстваў, пазбаўленне людзей заробку - і нацэленыя санкцыі. Прафсаюзы неаднаразова звярталіся да еўрачыноўнікаў з заклікам выконваць законнасць і адмовіцца ад санкцыйнай палітыкі, якая супярэчыць нормам міжнароднага права.

 
Нягледзячы на санкцыі, ужо сёння на прадпрыемстве "Агат" ёсць пэўныя напрацоўкі па імпартазамяшчэнні камплектуючых, па дыверсіфікацыі рынкаў збыту. І гэты прыклад не адзінкавы. На шэрагу іншых прамысловых гігантаў таксама актыўна развіваюць уласную вытворчасць і наладжваюць кааперацыю з іншымі айчыннымі прадпрыемствамі.